Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/12/955653_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.03.2019 04:19
12.05.2018 13:03 Грамадства

Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў праект закона "Аб змене некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь", у тым ліку арт. 328 КК

Мінск, 12 мая. Савет міністраў 11 мая даслаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закона "Аб змене некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь", паведаміла інфармагенцтва БелТА.

Законапраект прадугледжвае ў тым ліку карэкціроўку артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Прадугледжаныя таксама істотныя змены ў Крымінальным кодэксе па эканамічных складах злачынстваў. "У прыватнасці, да навацый можна аднесці максімальную адмову ад прызначэння пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, мінімізацыю колькасці дзеянняў з фармальнымі складамі злачынства — цяпер будзе прадугледжвацца адказнасць толькі пры ўмове прычынення шкоды, а памер буйнога і асабліва буйнога ўрону, якія цягнуць крымінальную адказнасць, істотна павялічваецца", — паведамляе БелТА.

Варта зазначыць, што на сайце ніжняй палаты гэты законапраект пакуль не лічыцца ў спісе тых, што паступілі на разгляд парламента.

Як паведаміла БелаПАН 10 мая старшыня пастаяннай парламенцкай камісіі па заканадаўстве Наталля Гуйвік, рашэнне аб тым, як будзе разглядацца законапраект — у першым чытанні ці адразу ў двух — будзе прымаць Савет Палаты прадстаўнікоў. "Таму што законапраект вялікі", — патлумачыла яна.

Паводле слоў Гуйвік, чаканы законапраект прадугледжвае ўнясенне зменаў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы. "328-мы — гэта толькі адзін з артыкулаў, — падкрэсліла яна. — Там дэкрыміналізуюцца некалькі складаў злачынстваў, адбываецца лібералізацыя практычна ўсіх складаў у эканамічнай сферы. Гэта вельмі вялікі добры законапраект, які, вядома, мае патрэбу ў больш хуткім прыняцці. Вядома ж, раз законапраект паступіць, усе зацікаўленыя, каб яго прыняць чым хутчэй, тым лепш, таму што там сапраўды вельмі добрыя нормы".

Нагадаем, зменаў нормаў КК па артыкуле 328 дамагаюцца актывісткі ініцыятывы "Матчыны рух 328".

27 красавіка маці асуджаных па гэтым артыкуле абвясцілі бестэрміновую галадоўку, патрабуючы змякчэння пакарання. Дзве групы жанчын галадалі ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці і Калінкавічах Гомельскай вобласці. Першапачаткова ў акцыі пратэсту ўдзельнічала 14 чалавек, затым некаторыя сталі выходзіць з галадоўкі па стане здароўя.

11 мая, пасля 15 дзён галадоўкі, жанчыны абвясцілі аб яе спыненні, аднак іх ініцыятыву падхапілі актывісткі "Матчынага руху" ў Лідзе (Гродзенская вобласць). Затым эстафету галадоўкі прыме Магілёў. Маці асуджаных падкрэсліваюць, што галадоўка будзе працягвацца, пакуль улады не прыслухаюцца да іх патрабаванняў.

Удзельніцы галадоўкі таксама дамагаюцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, бо лічаць, што яго няправільна інфармуюць пра сітуацыю з крымінальным пераследам па арт. 328.

8 мая адбылася сустрэча Лукашэнкі са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам. Пасля сустрэчы Сукала паведаміў журналістам, што прэзідэнт выступае супраць паслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. "Кіраўнік дзяржавы адназначна заявіў, што паслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і паблажкі. А што тычыцца той формы, якая сёння абраная групай маці, то гэта з'яўляецца недапушчальным, гэта націск і умяшанне ў правасуддзе. І гэта не той спосаб, які павінен быць у нас", — сказаў старшыня Вярхоўнага суда.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН