Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/14/955890_955891/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 03:40
14.05.2018 16:21 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: У адносінах Беларусі і Арменіі няма і не будзе праблем

Мінск, 14 мая. У адносінах Беларусі і Арменіі няма і не будзе праблем, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 мая на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Арменіі Нікалам Пашынянам у Сочы ў рамках мерапрыемстваў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

"Я чакаў гэтай сустрэчы. Нам сапраўды варта пагаварыць. Наўрад ці мы канцэптуальна паспеем на кароткай назе абмеркаваць усе праблемы, якія ў свеце існуюць, вакол нас. Не думаю, што ў нашых адносінах ёсць ці будуць нейкія праблемы", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы выказаў гатоўнасць падрабязна расказаць новаму прэм'еру Арменіі аб развіцці адносін паміж дзвюма краінамі, дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза. "Вельмі важна, каб вы ад мяне пачулі тое, што тычыцца Беларусі і нашага стаўлення да братняга армянскага народа і вашай дзяржавы. Таму гэта вельмі важная сустрэча, — падкрэсліў Лукашэнка. — Наогул, вы малайцы. Вы вельмі годна і правільна выйшлі з гэтай сітуацыі, вы гэта самі ўжо адчулі. Мы рады за вас".

Ён дадаў, што нядаўна абмяркоўваў з прэзідэнтам Арменіі развіццё сітуацыі ў Ерэване. Так, было прынята рашэнне накіраваць туды беларускіх журналістаў для аб'ектыўнага, без скажэння асвятлення падзей. "Я вельмі ўдзячны і яму, і вам, і вашым людзям. Нашы журналісты размаўлялі з прадстаўнікамі вашага штаба і атрымалі аб'ектыўную карціну", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка заявіў Пашыняну, што Арменія можа разлічваць на Беларусь, як і раней. "Наша палітыка ў дачыненні да вельмі блізкага нам армянскага народа ніколі не зменіцца. Гэта я вам абяцаю. Яна будзе такой жа канструктыўнай, сяброўскай", — запэўніў ён.

Са свайго боку Пашынян заявіў, што ў развіцці беларуска-армянскіх адносін ёсць вялікі незадзейнічаны патэнцыял. "У апошні год тавараабарот паміж Беларуссю і Арменіяй узрос, гэта вельмі ўражвае. Але, шчыра кажучы, тут ёсць вельмі шмат патэнцыялу, які не выкарыстоўваецца. Мы павінны працаваць над гэтым. У Арменіі ёсць вельмі шмат цікавага для беларускага бізнесу. Думаю, гэтак жа і ў Беларусі", — цытуе армянскага прэм'ера інфармагенцтва БелТА.

Пашынян перакананы, што адносіны паміж дзвюма краінамі заўсёды будуць на высокім узроўні незалежна ад таго, хто будзе займаць высокія дзяржаўныя пасады.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239