Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/14/955901_955902/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 03:24
14.05.2018 16:53 Грамадства, Эканоміка

Кіраўнік і галоўны бухгалтар прафсаюза РЭП знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы

Мінск, 14 мая. Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар прафсаюзнага аб'яднання Ігар Комлік знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы, паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч.

Абодва фігуранты абвінавачваюцца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

Паводле інфармацыі следства, Фядыніч і Комлік, парушаючы заканадаўства, адкрылі ў банку ў Літве рахунак. У 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на гэты рахунак паступалі грашовыя сродкі ў замежнай валюце. У далейшым грошы ў доларах і еўра здымаліся з рахунку Комлікам і дастаўляліся членамі прафсаюза на тэрыторыю Беларусі, дзе вярталіся Комліку і Фядынічу.

У 2011 годзе на ўказаны вышэй рахунак паступіла больш за 140 тыс. еўра. Факты паступлення грошай не адлюстроўваліся ў фінансавай справаздачнасці грамадскага аб'яднання і падатковай дэкларацыі арганізацыі, інфармуе СК.

Сума нявыплачаных падаткаў прафсаюзам РЭП ацэньваецца больш чым у 22 тыс. рублёў.

У матэрыялах крымінальнай справы, як паведамляе СК, "ёсць звесткі, якія ўтрымліваюць прыкметы супрацьпраўнай дзейнасці Фядыніча і Комліка аж да 2017 года, па якіх праводзяцца дадатковыя праверачныя мерапрыемствы, у тым ліку з прыцягненнем органаў фінансавых расследаванняў для разліку сум ўхілення ад выплаты падаткаў за гэты перыяд".

Акрамя таго, у ходзе следства атрымана інфармацыя аб нямэтавым выдаткоўванні грашовых сродкаў, якія паступілі ад замежных партнёраў, а таксама аб фальсіфікацыі дакументаў для справаздачы перад імі.

10 мая Фядыніч паведаміў БелаПАН, што два дні таму яго і Комліка выклікалі да следчых, сказалі аб вынясенні канчатковага абвінавачання. "Следства прыйшло да высновы аб тым, што па выніках 2011 года прафсаюз РЭП не заплацiў ў дзяржбюджэт падаткі на суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек з улікам дэнамінацыі", — адзначыў прафсаюзны лідар.

Крымінальны пераслед "неўстаноўленых асоб", якія фігуравалі ў крымінальнай справе, спынены 7 мая. "Следчыя правялі сотні допытаў па ўсёй краіне. Відавочна, што ў выніку следства прыйшло да высновы, што ў дзеяннях апытаных асоб складу злачынства няма", — растлумачыў Фядыніч.

Нагадаем, 2 жніўня 2017 года супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правялі вобыск у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў Фядыніча і Комліка. У дачыненні да абодвух распачалі справу па ч. 2 арт. 243 КК. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч з пачатку следства знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўноўваюць са справай кіраўніка закрытага ўладамі ў 2003 годзе цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе. У падтрымку незалежнага беларускага прафсаюза выступілі міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239