Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/14/955963_569874/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 03:42
14.05.2018 18:44 Эканоміка

Лукашэнка: Замест таго каб свабодна гандляваць, мы закрываемся адзін ад аднаго

Мінск, 14 мая. За мінулыя тры з паловай гады ад уваходжання ў сілу дагавора аб стварэнні ЕАЭС зробленая вялікая праца па пытаннях міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, аднак эфектыўнасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца, "усё яшчэ жадае быць лепшай", заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 мая ў Сочы на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе.
"Многія нашы дамоўленасці, на жаль, застаюцца па-ранейшаму нерэалізаванымі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба Крамля.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, першапачаткова саюз ствараўся як структура выключна для эканамічнага супрацоўніцтва. "Меркавалася выбудаваць сістэму раўнапраўных рынкавых адносінаў, але ў гандаль рэгулярна ўмешваецца палітыка, — адзначыў ён. — Інтарэсы асобных таваравытворцаў перыядычна ставяцца вышэй за прынятыя намі рашэнні. Гэта ідзе насуперак нашым дамоўленасцям".

"Адзіны станоўчы момант — мы нарэшце разам задумаліся над стварэннем перспектыўных механізмаў не толькі ўрэгулявання спрэчак, але і іх прадухілення", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што структура эканомікі краін-удзельніц шмат у чым розная: "хтосьці больш экспартуе сыравіну, хтосьці больш прадае прадукты перапрацоўкі". "І сыравінная і вытворчая база ў саюза каласальная, але мы так і не навучыліся эфектыўна яе выкарыстоўваць, не выпрацавалі адзіных правіл для агульнага рынку", — заявіў афіцыйны беларускі лідар.

"Сёння менавіта рэгіянальнае інтэграцыйнае аб'яднанне стварае перадумовы для росту сусветнай эканомікі, — лічыць ён. — А мы замест таго каб свабодна гандляваць, закрываемся адзін ад аднаго. Больш за тое, абменьваемся ўзаемнымі прэтэнзіямі нават у сродках масавай інфармацыі, рызыкуючы міжнародным аўтарытэтам саюза".

"Трэба ў гэтай няпростай сітуацыі, калі ідзе націск з боку на саюз, арганізавацца нарэшце, згуртавацца і, зрабіўшы пэўныя высновы, атрымаць карысць для нашых краін", — заклікаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ігнаруецца цывілізаваны спосаб вырашэння гандлёвых спрэчак праз Еўразійскую эканамічную камісію. "Абсалютна падтрымліваю тых, хто кажа, што трэба сёння, канкрэтызаваўшы ролю (з улікам нашага вопыту) камісіі, узмацніць функцыі нашага, так бы мовіць, урада, агульнага эканамічнага ўрада", — адзначыў беларускі кіраўнік.

"На жаль, — працягнуў ён, — зноў не гатовыя для абмеркавання на вышэйшым узроўні праграмы фармавання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Спадзяемся, што хаця б да канца гэтага года мы паставім подпісы пад гэтымі асноватворнымі дакументамі. І не трэба тут падазраваць Беларусь, што гэта толькі ў інтарэсах Беларусі. Мы дамовіліся, што мы вырашым гэтае пытанне, значыць, яго трэба вырашаць".

Лукашэнка адзначыў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы — назіральніка пры ЕАЭС як адзін з паспяховых этапаў сумеснай працы. "Гэта значыць калі захацелі, паставілі перад сабой задачу і мэту, мы яе вырашылі і нават прынялі сёння станоўчае рашэнне па першым нашым назіральніку (Малдове. — БелаПАН.)", — звярнуў увагу афіцыйны лідар Беларусі.

"Але нельга, — папярэдзіў ён, — рабіць неабдуманых крокаў у гэтым плане, асабліва калі краіны не гатовыя да ўсталявання больш цесных кантактаў з нашай арганізацыяй. ЕАЭС павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў".

"Наш інтэграцыйны праект будзе развівацца толькі пры выкананні чатырох асноўных свабод, якія замацаваныя ў Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Вельмі важна шанаваць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці, вырашаць самыя складаныя праблемы, абапіраючыся на намі ж створаныя правілы, паважаць адзін аднаго, як гэта прынята ў саюзнікаў і дзелавых партнёраў. Беларусь настроеная менавіта на такі стыль далейшых адносін", — заявіў Лукашэнка.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239