Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/16/956235_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 09:14
16.05.2018 11:08 Грамадства

Прадпрымальніка будуць судзіць за выкраданне чалавека і выкарыстанне рабскай працы

Мінск, 16 мая. Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 35-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, які абвінавачваецца ў выкраданні чалавека з мэтай працоўнай эксплуатацыі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланог, абвінавачваны, пагражаючы фізічнай расправай, прымушаў мужчыну працаваць на яго прысядзібным участку і даглядаць жывёл.

30-гадовы пацярпелы, не маючы сталага заробку, пачаў падпрацоўваць у прадпрымальніка два гады таму. Праз некаторы час той стаў прымушаць мужчыну прыходзіць да яго працаваць бясплатна. Абвінавачаны прыязджаў да работніка дадому ў суседнюю вёску, збіваў, запалохваў, неаднаразова выкрадаў і сілком прывозіў да сябе на ўчастак у багажніках аўтамабіляў.

Некалькі разоў фігурант, прыгнятаючы волю пацярпелага, утрымліваў яго ўсю ноч у адрыне з дапамогай металічнага ланцуга з замком. Пры спробе адмовіцца ад выканання гаспадарчых работ мужчына збіваўся і выслухоўваў пагрозы.

Следствам дапытаныя сведкі, праведзеныя праверкі паказанняў на месцы, атрыманыя заключэнні судовых экспертыз.

Падчас праведзеных аглядаў і вобшукаў па месцы жыхарства фігуранта канфіскаваныя паляўнічая гладкаствольная зброя з боепрыпасамі да яе, дробнакаліберныя патроны і бляшанкі з порахам. Акрамя таго, знойдзены выкрадзены пашпарт пацярпелага.

Па выніках расследавання дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у ліку якіх наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, выкарыстанне рабскай працы, выкраданне чалавека, крадзеж пашпарта, незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН