Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/17/956447_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:57
17.05.2018 12:16 Грамадства

Праект зменаў у некаторыя кодэксы ўносіць карэкціроўкі ў пяць "антынаркатычных" артыкулаў КК

Мінск, 17 мая. Новы законапраект, у прыватнасці, прадугледжвае зніжэнне мінімальных тэрмінаў пакарання і замену канфіскацыі маёмасці на штраф для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. Пры гэтым для спажыўцоў паслабленняў не прадугледжана.
Законапраект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Змены ўносяцца ў пяць "антынаркатычных" артыкулаў КК: 327 (крадзеж наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), 328.1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў), 329 (пасеў або вырошчванне забароненых да апрацоўкі раслін ці грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы) і 331 (схіленне да спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў).

Магчымасць канфіскацыі маёмасці па згаданых артыкулах у большасці выпадкаў замяняецца штрафам, пры гэтым для некаторых складаў злачынстваў зніжаюцца мінімальныя тэрміны пакарання.

Так, арт. 328 (незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў), які цяпер прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі, у новай рэдакцыі прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў, са штрафам або без.

Такія ж дзеянні, учыненыя групай асоб, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо асобай, якая раней учынiла аналагічныя злачынствы, альбо ў дачыненні да наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у буйным памеры, альбо ў дачыненні да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, або збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, вайсковай часткі, папраўчай установы, арыштнага дома, у месцах утрымання пад вартай, лячэбна-працоўным прафілакторыі, у месцы правядзення масавага мерапрыемства альбо заведама непаўнагадоваму — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў са штрафам або без (раней мінімальнае пакаранне складала 8 гадоў).

Дзеянні, учыненыя групай асоб, як і раней, прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў, але са штрафам замест канфіскацыі.

Пакаранне згодна з артыкулам 328.2 (спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці знаходжанне на працы ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманных рэчываў) застаецца ранейшым — штраф, арышт або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.

Законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў у канцы мінулага тыдня. У чэрвені дэпутаты плануюць разгледзець яго ў першым чытанні.

Нагадаем, змены "антынаркатычных" артыкулаў КК дамагаюцца актывісткі ініцыятывы "Матчыны рух 328", якія ў канцы красавіка абвясцілі з гэтай мэтай масавую галадоўку.

8 мая пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала паведаміў журналістам, што кіраўнік дзяржавы выступае супраць аслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. "Кіраўнік дзяржавы адназначна сказаў, што паслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і паблажкі", — сказаў Сукала.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН