Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/18/956641_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 09:46
18.05.2018 13:27 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка лічыць неабходным зрабіць рэвізію ў адносінах Беларусі з Эквадорам

Мінск, 18 мая. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным "зрабіць рэвізію ў адносінах Беларусі з Эквадорам". Пра гэта ён заявіў 18 мая на сустрэчы з міністрам замежных спраў Эквадора Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсэс, якая 17—19 мая наведвае з афіцыйным візітам Беларусь.

"У нас у адносінах з Эквадорам такі перыяд, калі трэба было б зрабіць рэвізію нашых адносін, паглядзець, што ў нас атрымалася, можа быць, ад чагосьці адмовіцца і намеціць план дзеянняў на бліжэйшую перспектыву", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што ў Эквадоры апошнім часам адбыліся пэўныя палітычныя рэформы, і яны яшчэ не скончаныя. "Я вельмі спадзяюся, што ў гэты вельмі важны перыяд, фарміруючы гэты план, вы з нашым міністрам дамовіцеся у тым ліку аб кантактах на вышэйшым узроўні. Але вы ведайце, што мы заўсёды рады бачыць вашага прэзідэнта ў Беларусі. У любы зручны для яго час", — заявіў афіцыйны беларускі лідар.

На яго думку, асновай узаемаадносін Беларусі і Эквадора павінна стаць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. "Думаю, у нашых планах мы гэта возьмем за аснову. Але пагадзіцеся, што нам не варта браць на сябе абавязацельствы, якія мы не зможам выканаць. Ні Эквадор, ні Беларусь. Таму і патрэбная рэвізія ўсяго зробленага і старых планаў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Тым не менш нашы стратэгічныя планы на перспектыву павінны быць досыць напружанымі. Мы павінны ўзяць на сябе абавязацельства і тавараабарот дыверсіфікаваць, і павысіць яго. Каб Беларусь для Эквадора, а вы для нас былі сябрамі і партнёрамі не проста на словах, а каб пад гэтым была салідная аснова. Таму я вельмі разлічваю на рэальны план дзеянняў на перспектыву", — дадаў Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў Беларусі з Эквадорам склаліся добрыя палітычныя адносіны. Краіны маюць падобныя пазіцыі па міжнародным парадку дня, добра супрацоўнічаюць ва ўсіх міжнародных арганізацыях, асабліва ў ААН. "Мы гатовыя падтрымаць вашу кандыдатуру на пасаду старшыні чарговай сесіі Генеральнай асамблеі ААН", — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка таксама адзначыў, што "любая дзяржава, асабліва на геаграфічным аддзяленні ад сваіх партнёраў, спрабуе знайсці краіны, на якія яна хацела б абаперціся ў супрацоўніцтве з іншымі краінамі рэгіёна". "Як звычайна, гэта самыя блізкія дзяржавы. Дык вось у Лацінскай Амерыцы ў нас Эквадор з'яўляецца такім блізкім дзяржавай для Беларусі, і мы заўсёды шукаем апору, супрацоўнічаючы з іншымі дзяржавамі, менавіта ў вас у Эквадоры", — падкрэсліў ён.

Марыя Фернанда Эспіноса Гарсэс у сваю чаргу адзначыла цікавасць да развіцця адносінаў з Беларуссю. Міністр заявіла, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва займае галоўнае месца ў адносінах з Беларуссю. Яна падкрэсліла, што за апошнія некалькі гадоў краіны прасунуліся ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. "Але не дастаткова. Ёсць яшчэ шмат таго, што мы павінны зрабіць менавіта сумеснымі намаганнямі", — лічыць Марыя Фернанда Эспіноса Гарсэс.

Яна адзначыла, што гэта ўжо другі яе прыезд у Беларусь. Папярэдні быў у якасці міністра абароны Эквадора. Марыя Фернанда Эспіноса Гарсэс перадала Лукашэнку прывітанне ад імя прэзідэнта Эквадора Леніна Марэны. "Сёлета мы адзначаем 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Гэты момант з'яўляецца ключавым для таго, каб зрабіць свайго роду перазапуск адносін і надаць ім дадатковы імпульс", — сказала міністр.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239