Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/18/956669_852117/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 10:11
18.05.2018 14:04 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Без праблем з Кітаем не бывае, таму што маштаб супрацоўніцтва вельмі вялікі

Мінск, 18 мая. Падрыхтоўка да саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і развіццё беларуска-кітайскіх адносін абмеркаваныя 18 мая на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з паслом Кітая ў Беларусі Цуй Цымінам.

"Я папрасіў вас прыехаць да мяне, каб перш за ўсё параіцца па некаторых пытаннях нашых адносін напярэдадні майго візіту ў Цындаа. У нас пасяджэнне ШАС. І напярэдадні маёй паездкі ў КНР у Беларусі будзе чалавек, які займае другі пост у іерархіі Кітайскай Народнай Рэспублікі (намеснік старшыні КНР Ван Цішань. — БелаПАН.). Мы таксама абмяркуем з ім пытанні беларуска-кітайскіх узаемаадносін. А паколькі вы чалавек самы дасведчаны з усіх кітайскіх грамадзян аб нашых адносінах, валодаеце ўсёй паўнатой інфармацыі, я таксама хацеў бы абмеркаваць з вамі шэраг момантаў не толькі напярэдадні гэтага візіту ў КНР, але і пагаварыць аб стратэгіі нашых адносін", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць з паслом да сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам пытанні, якія маюць вельмі важнае значэнне ў адносінах Кітая і Беларусі. "Мы вельмі блізкія, мы маем стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва. Гэтым усё сказана. Таму я хацеў бы, каб сёе-тое вы мне расказалі, нешта я вам раскажу, каб падрыхтаваць гэтыя кантакты на высокім і вышэйшым узроўні, каб яны былі прадуктыўныя", — дадаў ён.

Беларускі кіраўнік прапанаваў пагутарыць і аб праблемных пытаннях. "Мы іх абмяркуем. Без праблем не бывае. Таму што маштаб супрацоўніцтва вельмі вялікі, асабліва ў "Вялікім камені" (кітайска-беларускі індустрыяльны парк. — БелаПАН.). Хацеў бы пачуць ваш пункт гледжання, ваша бачанне. Магчыма, мы недзе недапрацоўваем. Асабліва з нашага боку. Мы ўлічым гэта ў супрацоўніцтве з вамі", — заявіў Лукашэнка.

Пра тое, што ў чэрвені плануецца візіт Лукашэнкі ў Кітай для ўдзелу ў саміце ШАС, паведаміў 4 мая старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на прэс-канферэнцыі для кітайскіх СМІ. "Мяркуем, што адбудзецца сустрэча на вышэйшым узроўні са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, што дасць магчымасць таксама абмяркоўваць многія актуальныя пытанні двухбаковых адносін", — падкрэсліў Мясніковіч.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239