Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/21/956897_12345/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 03:22
21.05.2018 13:48 Эканоміка

Урад вызначыў меры па рэалізацыі крэдытнага пагаднення з Кітаем аб будаўніцтве высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці

Мінск, 21 мая. Урад Беларусі вызначыў меры па рэалізацыі крэдытнага пагаднення з Кітаем на 1,75 млрд юаняў (каля 275 млн долараў). Адпаведная пастанова Савета міністраў, № 367 ад 17 мая, апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент прыняты для рэалізацыі пагаднення аб ільготным крэдыце на інвестпраект "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу на 2016—2032 гады" (першы этап). Пагадненне заключанае паміж урадам Беларусі і Экспартна-імпартным банкам Кітая ў лютым 2018 года і прадугледжвае, што Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК) атрымае для рэалізацыі інвестпраекта 1,75 млрд юаняў.

Банкам-агентам па абслугоўванні крэдыту вызначаны "Белаграпрамбанк". Афармляць і падпісваць дакументы, звязаныя з выбаркай па крэдыце, будзе старшыня праўлення банка або яго намеснікі.

Міністэрству фінансаў даручана разлічвацца па крэдыце за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на бягучы і наступныя фінансавыя гады на абслугоўванне і пагашэнне знешняга дзярждоўгу. Кантроль за рэалізацыяй праекта ускладзены на Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а за мэтавым выкарыстаннем і своечасовым пагашэннем крэдыту і выплатай працэнтаў — на "Белаграпрамбанк", Мінсельгасхарч і Мінфін. Персанальную адказнасць за рэалізацыю праекта, мэтавае выкарыстанне і своечасовае пагашэнне крэдыту будуць несці дырэктар БНБК і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.

Як паведамлялася, Беларусь у 2018—2023 гадах прыцягне ільготны ўрадавы крэдыт Кітайскай Народнай Рэспублікі на 15 гадоў для рэалізацыі першага этапу інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу на 2016—2032 гады".

У жніўні 2016 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні паблізу Рудзенска (Мінская вобласць) на плошчы каля 160 гектараў высокатэхналагічнага аграпрамысловага комплексу поўнага цыклу з акцэнтам на вытворчасці кармоў і кармавых дабавак. У Пухавіцкім раёне плануецца пабудаваць заводы па вытворчасці амінакіслот — лізіну, трэаніну і трыптафану, а таксама заводы па выпуску камбікармоў, па перапрацоўцы насення алейных культур, комплекс збожжасховішчаў, аўтакамбінат. Рэалізацыю праекта ажыццяўляе ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя", якая атрымала ў сувязі з гэтым шэраг падатковых ільгот і прэферэнцый.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239