Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/25/957714_548236/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 14:23
25.05.2018 13:42 Эканоміка, Фінансы

Узаемадзеянне Беларусі з МВФ пакуль мае толькі тэхнічны характар

Мінск, 25 мая. Пасля абвешчанай паўзы ў перамовах аб новай крэдытнай праграме ўзаемадзеянне Беларусі з Міжнародным валютным фондам мае выключна тэхнічны характар. Вяртанне да перамоў па крэдыце залежыць ад эканамічнай палітыкі ўладаў, паведаміла БелаПАН крыніца, знаёмая з сітуацыяй у фінансавай сферы.
"МВФ гатовы аказваць тэхнічную дапамогу Беларусі па пытаннях эканамічнай палітыкі. На гэты момант узаемадзеянне мае толькі такі характар і тычыцца тэхнічнага супрацоўніцтва", — адзначыў суразмоўца.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў красавіку на сесіі МВФ і Сусветнага банка ў Вашынгтоне адбыўся абмен думкамі паміж прадстаўнікамі фонду і беларускімі ўладамі па пытаннях эканамічнай палітыкі.

"У першую чаргу МВФ цікавіць праграма эканамічных уладаў, якая тычыцца забеспячэння стабільнасці. Персанал фонду цікавіць, ці няма рызык для разбалансавання эканомікі. Беларускі бок даў фонду свае растлумачэнні па гэтым пытанні", — паведаміў эксперт.

На яго думку, пашырэнне ўзаемадзеяння Беларусі з МВФ і вяртанне да перамоў аб новай крэдытнай праграме залежаць ад эканамічнай палітыкі, якая будзе праводзіцца ў краіне. "Калі Беларусь здолее прыняць меры па павышэнні эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў, па зніжэнні ўзроўню перакрыжаванага субсідавання, тады можна будзе вярнуцца да перамоў з МВФ аб новай крэдытнай праграме", — растлумачыў суразмоўца.

У ліпені мінулага года МВФ абвясціў, што перамовы з Беларуссю аб заключэнні новай крэдытнай праграмы прыпыненыя. "Дыскусіі па крэдытнай праграме для Беларусі пакуль спыненыя ў чаканні выразнай падтрымкі неабходных змен на высокім узроўні, якія тычацца камунальнай гаспадаркі і сектара дзяржаўных прадпрыемстваў", — паведаміў афіцыйны прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй.

Эканамісты тлумачаць паўзу ў перамовах з МВФ па новай крэдытнай праграме тым, што беларускі бок пакуль не гатовы рэалізаваць прапановы фонду аб глыбокім рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239