Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/25/957790_957791/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2018 05:20
25.05.2018 18:48 Палітыка, Эканоміка

У ЕАЭС застаецца каля 60 выключэнняў і абмежаванняў

Мінск, 25 мая. На агульным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза на гэты момант застаецца каля 60 выключэнняў і абмежаванняў, паведаміў дырэктар дэпартамента развіцця інтэграцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Шухно 25 мая ў Мінску на форуме "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх".
"На сённяшні дзень можна канстатаваць у асноўным стварэнне ў ЕАЭС адзінага таварнага рынку, за выключэннем алкаголю і тытуню (тут ідзе падрыхтоўка пагаднення аб уніфікацыі акцызаў), электраэнергіі, нафты, газу і нафтапрадуктаў. У маі 2017 года ажыццёўлены запуск агульнага рынку фармацэўтычных і медыцынскіх вырабаў", — адзначыў Шухно.

Паводле яго слоў, у фармат адзінага рынку ў Еўразійскім саюзе пераведзена 52 сектары паслуг.

"На момант падпісання дамовы аб ЕАЭС намі было выяўлена больш як 400 выключэнняў, таму мы вылучылі гэты кірунак у адзінае дасье. Усе бар'еры фіксуюцца ў так званай "белай кнізе", цяпер яна ўтрымлівае каля 60 перашкод, якія неабходна ліквідаваць", — удакладніў дырэктар дэпартамента.

Шухно адзначыў, што бакі працягваюць працу па актуалізацыі дамовы аб ЕАЭС. "Мы ўспрымаем дагавор як жывы арганізм, які павінен адаптавацца да сучасных рэалій", — падкрэсліў прадстаўнік ЕЭК.

Дырэктар дэпартамента развіцця інтэграцыі таксама паведаміў, што да канца 2018 года ЕЭК сумесна з урадамі краін — членаў ЕАЭС плануе падрыхтаваць дэкларацыю аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў.

Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка ў штогадовым пасланні народу і парламенту заявіў, што краіны — члены ЕАЭС з году ў год гавораць пра неабходнасць стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання, аб ліквідацыі выключэнняў, бар'ераў, абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, аб актуальнасці вырашэння праблем у сферы тэхрэгулявання, санітарных, ветэрынарна-санітарных мер. "Нягледзячы на ўсе намаганні і некаторыя зрухі, воз і цяпер там", — канстатаваў ён.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што важныя для паўнавартаснага развіцця пытанні вырашаюцца вельмі павольна і часта неэфектыўна. Паводле яго слоў, праца тармозіцца непаслядоўнай пазіцыяй партнёраў Беларусі па эканамічным саюзе. "У той час як на высокім узроўні дэкларуецца паглыбленне інтэграцыі і ліквідацыя бар'ераў, на практыцы іншы падыход, — сказаў Лукашэнка. — Замест адмены аднабаковых абмежавальных мер — іх актыўнае прымяненне".

У ЕАЭС уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія. На сочынскім саміце 14 мая статус назіральніка атрымала Малдова.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН