Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/31/958589_887445/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:50
31.05.2018 11:46 Эканоміка, Фінансы

Беларусь з пачатку 2018 года выплаціла знешнім крэдыторам 1 млрд 235 млн долараў

Мінск, 31 мая. Знешні дзяржаўны доўг Беларусі зменшыўся з пачатку 2018 года на 315,6 млн долараў, або на 1,9%, і па стане на 1 мая склаў 16,4 млрд долараў ЗША, паведамляе Міністэрства фінансаў.

У студзені—красавіку прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 990,5 млн долараў ЗША: 600 млн долараў — еўрааблігацыі; 313,6 млн долараў — урад і банкі Расійскай Федэрацыі; 42,3 млн долараў — МБРР; 33,1 млн долараў — банкі КНР; 1,5 млн долараў — ЕБРР і Паўночны інвестыцыйны банк.

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2018 года накіравана 1 млрд 235,1 млн долараў ЗША: 800 млн долараў — еўрааблігацыі; 179,3 млн долараў — банкі КНР; 137,1 млн долараў — урад Расіі; 88,3 млн долараў — ЕФСР; 29,3 млн долараў — МБРР; 0,7 млн долараў — ЗША; 0,4 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзярждоўг на 1 мая склаў 9,4 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 261,8 млн рублёў, або на 2,9%.

За студзень—красавік размешчана ўнутраных валютных дзяржаблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 186,7 млн долараў. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 126,9 млн долараў і 23,1 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 мая 2018 года склаў 42,3 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2018 года на 87,3 млн рублёў, або на 0,2%.

Выступаючы 24 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада і Нацбанка ў найбліжэйшыя гады перарасці даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. "Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур паведаміў, што да 75% знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусь плануе рэфінансаваць і толькі 25% — пагасіць за кошт заробленых эканомікай сродкаў. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра 2018-ты і наступныя гады. "Ва ўсялякім выпадку, да канца бягучай пяцігодкі", — дадаў Калаур.

"Рэфінансаванне — гэта агульная міжнародная практыка, — сказаў ён. — Гэта адзін з інструментаў забеспячэння сваіх абавязацельстваў. Усе краіны ім карыстаюцца".

У 2018 годзе з улікам плацяжоў па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу Беларусь павінна вярнуць крэдыторам прыблізна 8 млрд рублёў. Практычна ўсе даўгавыя абавязацельствы краіны сфармаваныя ў замежнай валюце — валютныя выплаты па дзярждоўгу у 2018 годзе ўлады ацэньваюць у 3,8 млрд долараў. Асноўныя выплаты трэба зрабіць знешнім крэдыторам. Сёлета плацяжы па знешнім дзярждоўгу складуць прыблізна 3,1 млрд долараў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239