Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/01/958781_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 11:57
01.06.2018 12:11 Грамадства, Палітыка

У Курапатах праходзіць акцыя супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу

Мінск, 1 чэрвеня. Каля 15 чалавек удзельнічаюць у акцыі па абароне ўрочышча Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паблізу якога гэтымі днямі плануецца адкрыццё забаўляльнага цэнтра.

"Раней персанал паведамляў, што адкрыццё можа адбыцца сёння, аднак пазней у аблвыканкаме паведамілі, што яно можа быць перанесенае", — паведаміў перад пачаткам акцыі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

Акцыі, паводле яго слоў, 1—3 чэрвеня пройдуць ва ўрочышчы ў любым выпадку. У панядзелак, 4 чэрвеня, аргкамітэт па абароне Курапатаў збярэцца, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.

"Сёння мы пакажам, што гатовыя адстойваць Курапаты. Мы прапануем уладальнікам перадаць гэтыя будынкі грамадскасці для адкрыцця ў іх музея", — сказаў Севярынец.

Актывісты прайшлі праз урочышча пад бел-чырвона-белым сцягам. Зараз яны знаходзяцца каля будынка забаўляльнага цэнтра, на ўваходзе якога вісіць шыльда "Зачынена".

Увечары 31 мая каля Курапатаў была затрыманая грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. Ноч яна правяла ў РУУС Савецкага раёна Мінска. У дачыненні да актывісткі складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП).

Як паведамлялася, за 50 метраў ад Курапатаў павінен адкрыцца рэстаран пад назвай "Паедзем паядзім". Некалькі гадоў таму тут планавалася стварыць забаўляльны комплекс "Бульбаш-хол", будаўніцтва якога было замарожанае. Ва ўпраўленні гандлю Мінскага райвыканкама БелаПАН пацвердзілі, што рэстаран з такой назвай быў унесены ў гандлёвы рэестр у пачатку лютага гэтага года.

Вясной 2017 года актывістам удалося прадухіліць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў былой ахоўнай зоне ўрочышча.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239