Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/01/958811_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 11:14
01.06.2018 13:01 Грамадства, Палітыка

У Курапатах прайшла акцыя супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу

Мінск, 1 чэрвеня. Каля 15 чалавек узялі ўдзел у акцыі па абароне ўрочышча Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паблізу якога гэтымі днямі плануецца адкрыццё забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім".
"Раней персанал паведамляў, што адкрыццё можа адбыцца сёння, аднак пазней у аблвыканкаме паведамілі, што яно можа быць перанесенае", — заявіў перад пачаткам акцыі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

Акцыі, паводле яго слоў, 1—3 чэрвеня пройдуць ва ўрочышчы ў любым выпадку. У панядзелак, 4 чэрвеня, аргкамітэт па абароне Курапатаў збярэцца, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.

"Сёння мы пакажам, што гатовыя адстойваць Курапаты. Мы прапануем уладальнікам перадаць гэтыя будынкі грамадскасці для адкрыцця ў іх музея", — сказаў Севярынец.

Актывісты прайшлі праз урочышча пад бел-чырвона-белым сцягам да будынка забаўляльнага цэнтра, на ўваходзе якога вісіць шыльда "Зачынена".

За ўдзельнікамі акцыі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. Актывісты прапаноўвалі ім буклеты з інфармацыяй пра падзеі ў Курапатах, але тыя адмаўляліся.

У канцы акцыі яе ўдзельнікі сталі каля ўваходу ў будынак. Кожны з іх трымаў талеркі з намаляванымі мішэнямі, а таксама па адной літары з лозунга кампаніі ў абарону Курапатаў: "Не кабак, а музей".

У інтэрв`ю журналістам Севярынец заявіў, што ў выпадку адкрыцця забаўляльнай установы актывісты не дадуць ёй спакойна працаваць. "Мы будзем прыходзіць да наведвальнікаў установы і расказваць пра тое, дзе яна знаходзіцца", — сказаў ён.

Актывіст апазіцыі Зміцер Дашкевіч, які ў сакавіку 2017 года ўзначаліў грамадскую кампанію супраць будаўніцтва ў Курапатах бізнес-цэнтра і быў ініцыятарам усталявання палатачнага мястэчка, заявіў журналістам, што ў гэтым выпадку ён не бачыць асаблівага сэнсу ўсталёўваць палаткі да адкрыцця рэстарана. Паводле слоў Дашкевіча, ён вызначыць сваю пазіцыю па чарговай акцыі ў абарону Курапатаў ужо пасля таго, як ўстанова адкрыецца.

Нагадаем, некалькі гадоў таму тут планавалася адкрыць забаўляльны комплекс "Бульбаш-хол", але затым будаўніцтва было замарожанае. Ва ўпраўленні гандлю Мінскага райвыканкама БелаПАН паведамілі, што рэстаран з назвай "Паедзем паядзім" быў унесены ў гандлёвы рэестр у пачатку лютага гэтага года.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239