Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/08/960062_960063/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:12
08.06.2018 21:34 Палітыка

Парашэнка: Мінскага фармату перамоў па Данбасе няма, ёсць толькі нармандскі

Мінск, 8 чэрвеня. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што ніякага мінскага фармату перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе няма. Выступаючы перад студэнтамі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, ён падкрэсліў, што існуе толькі нармандскі фармат (Расія, Украіна, Германія, Францыя).

"Мінскага фармату перамоў няма. І [паўнамоцны прадстаўнік Кіева на перамовах кантактнай групы Леанід] Кучма ніякага ўдзелу ў мінскім фармаце перамоў не прымае. Існуе адзін фармат — нармандскі", — цытуе Парашэнку ТАСС.

Ён нагадаў, што ў нармандскага фармаце акрамя яго прымаюць удзел канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. "Калі вы знойдзеце іншы фармат [перамоў], дзе будзе Пуцін, я гатовы яго разглядаць, але, запэўніваю, такіх фарматаў няма", — дадаў Парашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўкраінскі бок у кантактнай групе вядзе перамовы толькі з прадстаўнікамі РФ і АБСЕ.

Варта адзначыць, што 11 чэрвеня ў Берліне адбудзецца сустрэча "нармандскай чацвёркі" на ўзроўні кіраўнікоў МЗС. На ёй, у прыватнасці, будзе абмяркоўвацца тэма місіі ААН у Данбасе.

Кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны рэгулярна праводзіць пасяджэнні ў Мінску ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ пры ўдзеле прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік Данбаса. Першая сустрэча ўдзельнікаў кантактнай групы прайшла ў Мінску 5 верасня 2014 года.

Паводле звестак беларускага МЗС, для правядзення рэгулярных пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы і тэматычных рабочых груп у яе складзе ў 2017 годзе ў Мінску было арганізавана 26 такіх сустрэч.

На працягу мінулага года Мінск таксама тройчы прымаў саветнікаў па знешняй палітыцы кіраўнікоў дзяржаў "нармандскай чацвёркі" для правядзення рабочых кансультацый па пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. З гэтай жа мэтай у Мінску была арганізавана рабочая сустрэча расійскай і амерыканскай дэлегацый на чале з памочнікам прэзідэнта Расіі Уладзіславам Сурковым і спецыяльным прадстаўніком Дзярждэпартамента ЗША па Украіне Куртам Волкерам.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН