Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/10/960111_960112/
Дата раздрукоўкі: 04.08.2021 21:26
10.06.2018 11:59 Эканоміка

Беларусь і Расія падпісалі дарожную карту па працэдуры зняцця ўзаемных абмежавальных мер па пастаўках малочнай прадукцыі

Мінск, 10 чэрвеня. Рассельгаснагляд і дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі падпісалі дарожную карту па працэдуры зняцця ўзаемных абмежавальных мер па пастаўках малочнай прадукцыі.

Як паведамляецца на сайце расійскага ведамства, 9 чэрвеня ў Маскве адбылася нарада прадстаўнікоў бакоў, якая "стала лагічным працягам дасягнутых напярэдадні дамоўленасцяў на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін". Ключавым вынікам сустрэчы стала распрацоўка і падпісанне дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе па працэдуры зняцця ўзаемных абмежавальных мер па пастаўках малочнай прадукцыі на 2018 год.

У дакуменце прапісаны ключавыя мерапрыемствы, ажыццяўленне якіх будзе спрыяць больш хуткаму ўрэгуляванні сітуацыі ў частцы узаемных абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі прадпрыемстваў Расіі і Беларусі, адзначаюць у Рассельгаснаглядзе.

Падчас дыялогу бакі таксама прыйшлі да пагаднення аб адмене з 11 чэрвеня часовых абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў: ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" (забой, разборка птушкі, вытворчасць гатовай мясной прадукцыі); ТАА "Вахавяк Плюс" (забой буйной рагатай жывёлы, перапрацоўка і разборка мяса, вытворчасць сырых паўфабрыкатаў, жылаванага блочнага мяса), ТАА "Гродзенскі мясакамбінат" (забой буйной рагатай жывёлы і свіней, разборка, вытворчасць гатовай мясной прадукцыі); ТАА "Белэкатэхніка" (вытворчасць камбікармоў).

Таксама вызначаны тэрміны і ўмовы, пры выкананні якіх Рассельгаснагляд зможа адмяніць часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію прадукцыі некаторых іншых беларускіх прадпрыемстваў. Пазначана, што пры ўмове прадстаўлення беларускім бокам дакументаў аб правядзенні лабараторнага маніторынгу па групах рызыкі, якія вызначаны Рассельгаснаглядам, ведамства 11 чэрвеня адновіць права экспарту малочнай прадукцыі яшчэ для трох беларускіх прадпрыемстваў.

Адначасова з гэтым Рассельгаснагляд канстатаваў, што беларускі бок працягвае пастаўляць у Расію прадукцыю са шматлікімі парушэннямі патрабаванняў заканадаўства ЕАЭС. У сувязі з гэтым ведамства вымушана ўвесці рэжым часовых абмежаванняў у дачыненні да дзвюх кампаній, прадукцыя якіх не можа быць прызнана бяспечнай: ААТ "Віцебскі мясакамбінат" (паўторнае выяўленне бактэрый групы кішачнай палачкі ў ялавічыне); ААТ "Малако", Віцебск, вытворчы цэх у Новалукомлі (выяўленне альбендазолу ў малаку пітным, якое пастаўляецца налівам). Забараняецца пастаўка ўсіх відаў прадукцыі, якія вырабляюцца названым прадпрыемствам.

Акрамя таго, у сувязі з выяўленнем неадпаведнасцяў нормам і патрабаванням Расіі і Еўразійскага эканамічнага саюза ў прадукцыі жывёльнага паходжання, якая паступіла з Беларусі, Рассельгаснаглядам уводзіцца рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да: ЗАТ "Агракамбінат Нясвіжскі" (выяўленне бактэрый групы кішачнай палачкі і бактэрый групы Listeria monocytogenes у ялавічыне); Мастоўскі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства (выяўленне бактэрый групы кішачнай палачкі ў ялавічыне); ТАА "ПокетПак" (выяўленне тэтрацыклінавай групы антыбіётыкаў у канцэнтраце бялкова-тлушчавым фармованым); ААТ "Калінкавіцкі мясакамбінат" (выяўленне рэшткаў тэтрацыклінавай групы антыбіётыкаў (тэтрацыкліну) у ялавічыне); ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат", Старадарожскі вытворчы ўчастак (выяўленне раслінных тлушчаў у масле сметанковым); КВУП "Фарэлевая гаспадарка "Лохва" (выяўленне бактэрый групы кішачнай палачкі ў рыбе).

Адзначана, што пробы сметанковага масла, у якім былі выяўленыя раслінныя тлушчы, вытворчасці ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат", былі адабраны ў адным з дзіцячых садоў Махачкалы.

У ходзе перагавораў бакі таксама дамовіліся, што Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі правядзе расследаванне прычын выяўлення нітратаў у малочнай прадукцыі, вырабленай шасцю прадпрыемствамі: ДП "Малочны гасцінец", Салігорскі філіял ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат", ПУП "Аршанскі малочны камбінат", СТАА "Данон Пружаны", Нарачанскі філіял ААТ "Маладзечанскі малочны камбінат", ААТ "Мінскі малочны завод № 1".

Вынікі расследавання бакі плануюць абмеркаваць у рамках двухбаковых перамоў у найбліжэйшы час. Разам з тым на час правядзення праверкі гэтых прадпрыемстваў Рассельгаснагляд вымушаны ўвесці ў дачыненні да іх рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239