Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/11/960314_960315/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 10:16
11.06.2018 19:04 Грамадства

Федэрацыя прафсаюзаў мае намер выступіць заказчыкам будаўніцтва мемарыяла ў Курапатах

Мінск, 11 чэрвеня. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) мае намер выступіць заказчыкам будаўніцтва мемарыяла на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій (1930—1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты". Пра гэта на круглым стале 11 чэрвеня ў Мінску паведаміў старшыня ФПБ Міхаіл Орда, перадае інфармагенцтва БелТА.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшы час прафсаюзны цэнтр мае намер звярнуцца ў Мінаблвыканкам па атрыманне правоў заказчыка на будаўніцтва гэтага аб`екта.

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна паведаміў, што журы адабрала тры з 32 эскізных праектаў, якія паступілі на абвешчаны дзяржавай конкурс па стварэнні мемарыяла ў Курапатах. Кіраўнік ВНУ адзначыў, што гэтыя праекты "адрозніваюцца найбольшай арыгінальнасцю і мастацкай выразнасцю", аднак маюць патрэбу "ў дапрацоўцы, у прыватнасці, з улікам архітэктурнай прывязкі, перспектыў добраўпарадкавання". Дапрацаваныя эскізы павінны быць прадстаўлены журы да 1 ліпеня.

Акрамя таго, ён адзначыў, што трэба будзе вызначыць дакладнае месца для размяшчэння памятнага знака, каб ён "арганічна ўпісваўся ў існуючы народны мемарыял і ніякім чынам не парушаў яго цэласнасці і ландшафту, які склаўся".

Начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Ірына Рахвалава паведаміла, што на дабрачынны рахунак, адкрыты на базе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў для збору сродкаў на стварэнне мемарыяла, паступіла амаль 11,8 тыс. рублёў. Збор грошай працягваецца.

У лютым—сакавіку мінулага года грамадскае аб`яднанне "Малады фронт" (не зарэгістравана ў Беларусі) арганізавала кампанію ў абарону Курапатаў ад будаўніцтва бізнес-цэнтра каля ўрочышча. У выніку забудоўшчык адмовіўся ад сваіх планаў.

Неўзабаве пасля гэтага Лукашэнка даручыў Міністэрству культуры правесці конкурс на лепшы праект па мемарыялізацыі Курапатаў. "Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (не Брэсцкую крэпасць) мемарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мемарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы", — паведаміў Лукашэнка 24 сакавіка 2017 года.

Грамадскую камісію ўзначаліў вядомы журналіст Павел Якубовіч, які на той момант узначальваў газету "Советская Белоруссия". У лютым гэтага года, пасля звальнення з пасады галоўнага рэдактара, Якубовіч заявіў, што плануе працягваць грамадскую дзейнасць, у тым ліку па ўвекавечанні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Курапатах. "Мы правялі конкурс на лепшы памятны знак, мы зрабілі межы Курапатаў, мы дамагліся таго, каб у Курапатаў з`явіўся адзіны гаспадар (Мінгарвыканкам), які зможа забяспечыць усё неабходнае, каб гэта месца стала некропалем, мемарыялам", — расказаў Якубовіч.

На яго думку, у будучыні на тэрыторыі Курапатаў можна зрабіць лаўкі, навесы, пад`езды да месца памяці, каб гэта было цывілізавана. А калі ўдасца знайсці ў архівах імёны тых, хто пахаваны ва ўрочышчы, то можна ўзвесці "сцяну плачу".

З 31 мая гэтага года грамадскія актывісты і палітыкі праводзяць акцыі супраць адкрыцця каля Курапатаў комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім". 3 чэрвеня там прайшоў дазволены ўладамі мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ, галоўнай тэмай якога стала пагроза для гісторыка-культурнай каштоўнасці, што зыходзіць ад забаўляльнай установы.

Сам рэстаран ужо працуе, але актывісты штодня стараюцца перашкаджаць працы гэтага комплексу.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239