Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/12/960509_960510/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2018 14:27
12.06.2018 18:36 Эканоміка

Мінэканомікі прагназуе прырост ВУП у 2019 годзе ад 2,8 да 4,1%

Мінск, 12 чэрвеня. Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2019 год павінен быць гатовы да верасня, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, дзе абмяркоўваліся канцэптуальныя асновы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2019 год і на перыяд да 2021 года, а таксама кірункі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на 2019 год і сярэднетэрміновай фінансавай праграмы на 2019—2021 гады.
"Ужо ў верасні мы павінны атрымаць ухвалу кіраўніка дзяржавы па ўсім пакеце дакументаў", — прыводзіць словы Кабякова прэс-служба ўрада.

Прэм'ер-міністр растлумачыў, што Мінэканомікі прапаноўвае, як і ў папярэднія гады, выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы праекта прагнозу сцэнарны падыход. Распрацаваны два сцэнарыі развіцця эканомікі ў 2019 годзе: базавы і мэтавы. Гэтыя сцэнарыі разлічаны зыходзячы з розных варыянтаў знешніх умоў. "Базавы сцэнарый прапаноўваецца выкарыстоўваць для фарміравання бюджэту. Такі падыход цалкам сябе апраўдаў у апошнія два гады. Тэмп росту эканомікі ацэньваецца па базавым сцэнарыі ў 102,8%. Пры мэтавым сцэнарыі развіцця рост эканомікі ацэньваецца ў 104,1%. Гэта, паводле разлікаў Мінэканомікі, забяспечвае параметры, прадугледжаныя пяцігадовай праграмай", — сказаў Кабякоў.

Ён нагадаў, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі да 2025 года неабходна дасягнуць узроўню ВУП у памеры 100 млрд долараў ЗША. "Зыходзячы з прадстаўленых матэрыялаў гэту задачу прапаноўваецца вырашаць пры нязменным рэальным эфектыўным абменным курсе беларускага рубля, высокім узроўні дзяржаўных валютных абавязацельстваў і адмоўным знешнегандлёвым сальда. Пры такіх падыходах па ўзбуйненых ацэнках для падтрымання патрэбнай траекторыі эканамічнага росту спатрэбіцца выкарыстанне золатавалютных рэзерваў краіны, а гэта недапушчальна. Мы вызначыліся, што ўзровень золатавалютных рэзерваў павінен складаць не менш за два месяцы імпарту, а гэта прыкладна 7 млрд долараў. Гэта рашэнне павінна быць закладзена ў аснову ўсяго пакета прагнозных дакументаў", — заявіў прэм'ер-міністр.

Ён таксама падкрэсліў, што галоўныя патрабаванні да бюджэту на 2019 год — збалансаванасць, абслугоўванне абавязацельстваў па дзяржаўным доўгу і забеспячэнне ўсіх сацыяльных выдаткаў. "Пры гэтым мы не павінны павышаць падатковую нагрузку на рэальны сектар. Перад урадам стаіць задача комплекснай перапрацоўкі падатковага заканадаўства. Нагадаю, што праект па карэкціроўцы Падатковага кодэкса павінен уносіцца кіраўніку дзяржавы адначасова з пакетам прагнозных дакументаў", — адзначыў Кабякоў.

Мінфін прапаноўвае фарміраваць праект бюджэту 2019 года ў адпаведнасці з дзейным парадкам з прафіцытам. "Складваецца ўражанне, што краіна з году ў год мае свабодныя рэсурсы. На справе мы адчуваем іх недахоп. Я даваў даручэнне Мінфіну прапрацаваць пытанні фарміравання рэальнага памеру прафіцыту, як гэта прынята ў міжнароднай практыцы. Пакуль на падставе прапанаваных дакументаў не бачу, што гэта тэма ўрэгуляваная. Прашу таксама далажыць аб тым, як прапаноўваецца рэалізаваць задачу па фарміраванні бюджэту з нуля, а не ад дасягнутага. Як гэта работа будзе разгорнута пры фарміраванні мясцовых бюджэтаў", — заявіў Кабякоў.

Прэм'ер-міністр звярнуў асаблівую ўвагу, што ўсе разгляданыя канцэптуальныя падыходы павінны быць збалансаваны і ўзгоднены паміж сабой.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, да канца года дзяржаўныя органы павінны забяспечыць выхад на ўстаноўленыя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця. Згодна з ацэнкай Мінэканомікі чакаецца выкананне ўсіх ключавых паказчыкаў эфектыўнасці працы ўрада і Нацыянальнага банка, устаноўленых на студзень—чэрвень 2018 года. У той жа час "па шэрагу галін назіраецца адноснае запаволенне". У прыватнасці, тэмп росту прамысловай вытворчасці па паўгоддзі ацэньваецца на ўзроўні 107,8% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2017 года, рознічнага тавараабароту — 108,8%, аптовага — 106,8%.

У 2018 годзе ўлады чакаюць прырост ВУП на ўзроўні 3,5%. У студзені—красавіку гэты паказчык склаў 4,8%, па выніках 2017 года — 2,4% (54,5 млрд долараў — 105,2 млрд рублёў пры сярэднегадавым курсе 1,93 рубля за долар).
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН