Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/13/960612_546589/
Дата раздрукоўкі: 24.06.2018 18:04
13.06.2018 13:14 Палітыка, Спорт

Лукашэнку чакаюць у Маскве на адкрыцці чэмпіянату свету па футболе

Мінск, 13 чэрвеня. Цырымонію адкрыцця чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, якая пройдзе ў Маскве 14 чэрвеня, плануюць наведаць кіраўнікі розных дзяржаў, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, паведаміў журналістам 13 чэрвеня ў расійскай сталіцы прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Ён адзначыў, што ўвесь час абнаўляецца спіс замежных гасцей, "хто раздзеліць з намі радасць чэмпіянату свету па футболе". "У нас будзе прэзідэнт Рэспублікі Абхазія [Рауль] Хаджымба, Азербайджана — [Ільхам] Аліеў, я ўжо сказаў, Арменія — [Нікол] Пашынян — назваў, прэзідэнт Беларусі [Аляксандр] Лукашэнка, Балівію назваў, прэзідэнт Казахстана [Нурсултан] Назарбаеў, прэзідэнт Кіргізіі [Сааранбай] Жээнбекаў ", — цытуе Пяскова ТАСС.

Прэс-сакратар дадаў, што чакаецца прыезд прэм'ер-міністра Лівана Саада Харыры, прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона, прэзідэнта Рэспублікі Панама Хуана Карласа Варэла, новага прэзідэнта Парагвая Марыя Абда Бенітэса, наследнага прынца Саудаўскай Аравіі Мухамеда бен Сальмана Аль Сауда, прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона, прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, прэзідэнта Паўднёвай Асеціі Анатоля Бібілава.

"Гэта тыя, хто будзе заўтра на адкрыцці, каго мы чакаем, каго будзе прымаць на адкрыцці прэзідэнт Пуцін разам з кіраўніком ФІФА [Джані] Інфантына, ну, і далей на працягу месяца кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў працягнуць прыязджаць да нас, у тым ліку ў першую чаргу для таго, каб наведваць матчы сваіх каманд", — сказаў прадстаўнік Крамля.

Атрымаць пацвярджэнне інфармацыі аб удзеле Лукашэнкі ў адкрыцці чэмпіянату свету ў Маскве ў прэс-службе прэзідэнта Беларусі пакуль не ўдалося.

Сусветнае першынство пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня на 12 стадыёнах ў 11 гарадах Расіі. Цырымонія адкрыцця адбудзецца заўтра на стадыёне "Лужнікі" перад стартавым матчам турніру паміж зборнымі РФ і Саудаўскай Аравіі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН