Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/13/960623_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2018 14:44
13.06.2018 13:52 Грамадства

Лукашэнка: За апошні час у беларуска-ўзбекскіх адносінах зроблена нашмат больш, чым за 20 папярэдніх гадоў

Мінск, 13 чэрвеня. У развіцці адносін Беларусі і Узбекістана адзначаецца высокая дынаміка, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй сената Олій Мажліса Узбекістана Нігмацілам Юлдашавым.

Паводле яго слоў, за апошні час у беларуска-ўзбекскіх адносінах зроблена значна больш, чым за 20 папярэдніх гадоў. "Маёй заслугі тут мінімум, — цытуе Лукашэнку прэс-служба кіраўніка дзяржавы. — Заслуга вашага прэзідэнта. Разумны, я скажу, таленавіты чалавек, які, будучы прэм'ер-міністрам, пабачыў увесь свет, спакойна ацаніў сітуацыю не толькі на восі Мінск — Ташкент, але і па ўсіх напрамках, і здзейсніў значны рывок. Я яму пра гэта сказаў на саміце ШАС. Тое, што вы зрабілі ў міжнародных адносінах за апошні час, апусціўшы іх на базу эканомікі, мне здаецца, ні адной з дзяржаў у свеце, тым больш постсавецкай прасторы, не ўдалося зрабіць. Вы проста малайцы за гэтыя гады. Вы адкрыліся свету і падчас гэтага адкрыцця атрымалі максімум ад гэтага, што маглі атрымаць".

Лукашэнка падкрэсліў, што галоўныя дасягненні Узбекістана ў эканоміцы. "Дыпламатыя, палітыка — гэта добра. Пагаварыць можна заўсёды. А вось адчуць, памацаць вынік — гэта важней. І вы гэта зрабілі. Гэта найвялікшая заслуга кіраўніцтва вашай краіны. І сведчаннем гэтага прарыву Узбекістана на міжнароднай арэне, у міжнародных адносінах служаць нашы адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам", — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы даў пазітыўную ацэнку развіццю двухбаковых адносін і рэалізацыі запланаванага. Лідары краін раней дамовіліся, што, перш чым адбудзецца іх сустрэча ў рамках афіцыйнага візіту, бакі павінны стварыць пэўны задзел у супрацоўніцтве. "Каб мы маглі ўзбекскаму і беларускаму народам пакласці нешта на стол", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сваіх праблем хапае ў любой дзяржаве, аднак выказаў упэўненасць, што вострыя праблемы Узбекістан зможа пераадолець на працягу пяцігоддзя, улічваючы наяўнасць людскіх рэсурсаў, прыродна-кліматычныя ўмовы, высокія тэмпы мадэрнізацыі эканомікі і грамадства.

"Але вы павінны памятаць, што мы не проста староннія назіральнікі гэтых працэсаў, не проста заўзятары. Мы, вядома, радуемся вашым поспехам. Мы актыўныя прыхільнікі і, калі хочаце, рухавікі таго прагрэсу, які вы ажыццяўляеце ва Узбекістане. Вы на нас можаце разлічваць", — запэўніў беларускі лідар.

У сваю чаргу Нігмаціла Юлдашаў падкрэсліў, што ва Узбекістане з вялікай павагай ставяцца да прэзідэнта Беларусі і радуюцца поспехам краіны, яе ўсё большаму міжнароднаму аўтарытэту. "Мы ведаем і высока цэнім, што вы заўсёды надавалі і надаяце вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і народамі. Таксама ў памяці нашага народа навечна застанецца тое, што вы ў журботныя для ўзбекістанцаў дні спецыяльна наведалі Узбекістан, каб ушанаваць памяць нашага першага прэзідэнта Іслама Карымава", — сказаў ён.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН