Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/13/960651_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2018 13:42
13.06.2018 14:30 Эканоміка, Палітыка

На сустрэчы з Мядзведзевым у Маскве Кабякоў прапанаваў пашырыць прымяненне нацыянальных валют у разліках Беларусі і Расіі

Мінск, 13 чэрвеня. Беларусь прапануе пашырыць прымяненне нацыянальных валют у двухбаковых разліках — перайсці на іх у цэнаўтварэнні. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 13 чэрвеня ў Маскве.

"За мінулы год узаемны тавараабарот павялічыўся на 23,5% і склаў 32,4 мільярда долараў. Прычым узаемны таваразварот на 80 з лішнім працэнтаў забяспечаны плацяжамі ў нацыянальных валютах і, перш за ўсё, у расійскім рублі", — цытуе Кабякова ТАСС.

"Тут хацеў бы яшчэ дадаць, што добра было б, калі б наш увесь узаемны тавараабарот і ў галіне цэнаўтварэння таксама фармаваўся ў нацыянальных валютах: у расійскіх і беларускіх рублях", — дапоўніў беларускі прэм'ер.

Да абмеркавання на сённяшняй сустрэчы — 14 пытанняў "па шырокім коле расійска-беларускіх адносін і саюзнага будаўніцтва", паведаміў напярэдадні прадстаўнік апарата расійскага Кабінета міністраў. У прыватнасці, плануецца падвесці вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і разгледзець справаздачу аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за мінулы год, прааналізаваць ход выканання рашэнняў Вышэйшага дзяржсавета СД ад 30 чэрвеня 2017 года ў такіх ключавых пытаннях, як захаванне патэнцыялу машынабудаўнічага комплексу, супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі .

Акрамя таго, бакі прымуць рашэнні па прагнозных балансах попыту і прапановы па найважнейшых відах прадукцыі і індыкатыўных балансах паліўна-энергетычных рэсурсаў Саюзнай дзяржавы на 2018 год.

"Маштабны блок пытанняў датычыцца развіцця расійска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне навукі і інавацый. Бакі прааналізуюць працу камісіі па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, абмяркуюць вынікі праграмы па ўдасканаленні сістэмы абароны агульных інфармацыйных рэсурсаў Беларусі і Расіі на аснове высокіх тэхналогій на 2011—2015 год, а таксама прымуць рашэнне адносна заснавання прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі", — сказаў супрацоўнік апарата Кабінета міністраў.

Сённяшняе пасяджэнне Савета міністраў СД праходзіць напярэдадні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, які плануе сабрацца ў Мінску 19 чэрвеня.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН