Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/15/960897_541002/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 04:56
15.06.2018 09:44 Эканоміка, Фінансы

За апошні год чысты прыбытак беларускіх арганізацый скараціўся больш як на 40%

Мінск, 15 чэрвеня. За апошні год чысты прыбытак беларускіх арганізацый скараціўся больш як на 40%.
Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый у студзені—красавіку гэтага года ў параўнанні са студзенем—красавіком 2017-га знізілася з 1.545 да 1.470, або на 4,9%, іх удзельная вага — з 21,8 да 20,7%.

Чысты прыбытак арганізацый на 1 мая склаў 1 млрд 923,2 млн рублёў, што на 43,3% менш, чым у студзені—красавіку 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 2 млрд 673,2 млн (на 34,7% менш).

Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 15,9% да 5 млрд 101,5 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі склала 7,4 і 9,2% адпаведна (за аналагічны леташні перыяд — 7,5 і 9,4%).

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў наяўных цэнах склала 68 млрд 992,3 млн рублёў, або на 17,7% больш, чым у студзені—красавіку 2017 года.

Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у студзені—красавіку 2018-га ў параўнанні са студзенем—красавіком 2017 года павялічыўся на 18% да 47 млрд 58,1 млн рублёў.

Істотнае зніжэнне чыстага прыбытку беларускіх арганізацый звязанае са спісаннем курсавых розніцаў, лічыць кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч. "Мне здаецца, што асноўнай прычынай зніжэння прыбытку з`яўляецца спісанне курсавых розніцаў. Паводле заканадаўства гэта не абавязкова можна рабіць у справаздачным перыядзе, а пераносіць яго на працягу года. Эканоміка павольна, але аднаўляецца. І арганізацыі бачаць неабходнасць зрабіць спісанне зараз, а не ў наступны перыяд", — растлумачыў БелаПАН эксперт.

Каментуючы павольнае зніжэнне колькасці стратных прадпрыемстваў, ён выказаў меркаванне, што асноўная іх маса — гэта сельгаспрадпрыемствы. "Скараціць іх колькасць хутка даволі праблематычна. Акрамя таго, трэба разумець, што ў нас было два гады рэцэсіі, назапасілася шмат праблем. Адных толькі іскаў аб банкруцтве летась было ўдвая больш, чым пазамінулы год", — сказаў Ярашэвіч.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239