Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/17/961153_557489/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 08:21
17.06.2018 14:48 Грамадства, Палітыка

Алег Гайдукевіч абураны маўчаннем чыноўнікаў на тэму Курапатаў

Мінск, 17 чэрвеня. Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч 17 чэрвеня распаўсюдзіў каментар, у якім выказаў абурэнне маўчаннем чыноўнікаў па тэме Курапатаў.

"Дрэнна, калі няма выразнай, зразумелай большасці пазіцыі! Няма рашэння, хоць нават прэзідэнт вясной досыць ясна выказаўся на гэтую тэму! Чыноўнікі маўчаць і чакаюць, што за іх будуць разграбаць усе праблемы. Таму зноў крайнія — міліцыя, спецслужбы, вымушаныя расходаваць сілы і сродкі, штодня працуючы ля Курапатаў! А што будзе, калі ў краіне будзе сапраўдны канфлікт, палітычны крызіс, сапраўды важныя падзеі! Адкажу: спецслужбы будуць працаваць, а чыноўнікі схаваюцца па кабінетах, завешаюць шторы і ў страху будуць чакаць, што ж далей! Так было у 1991-м, так было ў 1996-м", — напісаў Гайдукевіч-малодшы.

На яго думку, тое, што адбываецца ва ўрочышчы, павінны "разграбаць тыя ж, хто выдзяляў зямлю, а не МУС, тыя ж, хто 20 гадоў не можа, нарэшце, забраць у часткі апазіцыі манаполію на Курапаты".

"І яшчэ ўжо сапраўды не трэба рабіць крайнімі бізнесменаў. Калі мы жывем у прававой краіне, то бізнес не павінен баяцца ўкладаць інвестыцыі, і гэтае пытанне таксама трэба вырашаць вам, спадары чыноўнікі! Хопіць спаць, пенсія для многіх яшчэ не хутка, а калі будзеце працягваць так працаваць, то тыя, хто цяпер "кусаецца" на ўездзе ў рэстаран, папросту вас яе пазбавяць", — заявіў прадстаўнік ЛДП.

"Курапаты належаць не частцы апазіцыі, а ўсёй краіне! — падкрэсліў ён. — Нам патрэбен мемарыял, які згуртаваў бы ўсіх, а не маленькую частку краіны, не палітызаваны мемарыял, мы не хочам каяцца і адмаўляцца ад сваёй гісторыі, мы хочам ганарыцца ёй, прызнаючы ў ёй і трагічныя старонкі. Патрэбен мемарыял смутку, а не палітычны сімвал нейкіх палітычных сіл, на могілках недапушчальная палітыка і палітыкі, як недапушчальныя там і танцы!"

З 31 мая ля ўрочышча праходзяць акцыі супраць адкрыцця рэстараннага комплексу "Паедзем паядзім".

17 чэрвеня актывісты перагарадзілі ўезд у рэстаран чырвона-белай стужкай і стылізаваным пад бел-чырвона-белы сцяг самаробным дарожным знакам "Уезд забаронены" ("цагліна"). На тратуарную плітку нанесены надпіс Stop kabak.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239