Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/18/961320_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 08:24
18.06.2018 22:00 Грамадства

БАЖ падтрымала зварот прадстаўнікоў грамадскасці да прэзідэнтаў чатырох краін у пытанні Курапатаў

Мінск, 18 чэрвеня. Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла аб далучэнні да звароту прадстаўнікоў грамадскасці ў адрас прэзідэнтаў Германіі, Польшчы, Аўстрыі і Ізраіля з просьбай паўплываць на сітуацыю ў Курапатах.

Прэзідэнты гэтых краін 29 чэрвеня плануюць прыбыць у Мінск для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця мемарыяла ў Трасцянцы — на месцы аднайменнага канцэнтрацыйнага лагера, які дзейнічаў у гады Другой сусветнай вайны.

У адкрытым лісце адзначаецца, што Курапаты, дзе нядаўна адкрыўся рэстаранна-забаўляльны комплекс "Паедзем паядзім", стаяць у адным шэрагу з Асвенцімам і Катынню. "Гэта адно з самых вялікіх у Еўропе і свеце пахаванняў ахвяр таталітарных рэжымаў. Адкрыццё Курапатаў лідарам беларускага дэмакратычнага руху Зянонам Пазняком 30 гадоў таму, шок маштабаў сталінскіх рэпрэсій па ўсім Саюзе сталі адной з прычын развалу савецкай імперыі", — гаворыцца ў лісце.

Яго аўтары адзначаюць, што 31 мая дзясяткі актывістаў дэмакратычнага руху арганізавалі бестэрміновую акцыю пратэсту з патрабаваннем закрыць забаўляльны комплекс у Курапатах. Актывісты просяць прэзідэнтаў чатырох краін "звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю вакол Курапатаў".
 
"Мы звяртаемся да вас з заклікам уключыць у праграму свайго візіту ў Беларусь і Курапаты. Мы просім вас ускласці кветкі на магілы безыменных ахвяраў камуністычнага тэрору. Нацысцкія і камуністычныя злачынствы супраць чалавечнасці павінны быць асуджаныя, каб не паўтарыцца", — гаворыцца ў адкрытым лісце.

Сярод падпісантаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, паэт, грамадскі дзеяч, экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Уладзімір Някляеў, члены Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239