Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/19/eu_961423_961435/
Дата раздрукоўкі: 16.01.2021 12:39
19.06.2018 17:01 Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Нацплатформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства патрабуе прыпыніць працу гандлёва-забаўляльнага комплексу ля Курапатаў

Мінск, 19 чэрвеня. Члены Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства патрабуюць ад уладаў прыпыніць працу рэстаранна-забаўляльнага комплексу "Паедзем паядзім" ля Курапатаў — месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Мінскам. Пра гэта гаворыцца ў прынятай 18 чэрвеня заяве нацплатформы.

У дакуменце выказаная глыбокая заклапочанасць сітуацыяй з будаўніцтвам і пачаткам працы рэстаранна-забаўляльнага комплексу. Адзначаецца, што ў кастрычніку 2012 года Міністэрства культуры вынесла прадпісанне аб прыпыненні будаўніцтва кампаніяй "БелРэстІнвест" аб'екта прыдарожнага сэрвісу для ўзгаднення з міністэрствам адпаведнай дакументацыі. Адной з прычын прыпынення будаўніцтва стаў той факт, што некаторыя пабудаваныя аб'екты знаходзіліся на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, межы якой былі ўстаноўленыя пастановай Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 года.

Генеральная пракуратура, падкрэсліваюць аўтары, у сваім прадпісанні прыйшла да высновы аб самавольным характары будаўніцтва гэтага аб'екта і даручыла Мінаблвыканкаму і Мінскаму райвыканкаму ліквідаваць дапушчаныя парушэнні, прыцягнуць шэраг службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці.

"Тым не менш у 2014 годзе з-за незразумелай прычыны ў пастанову Міністэрства культуры аб вызначэнні межаў ахоўнай зоны месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій "Курапаты" былі ўнесеныя змены, якія скарацілі межы ахоўнай зоны такім чынам, каб у іх не трапілі будынкі самавольна ўзведзенага рэстарана. Такім чынам, асобы, адказныя за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, не былі прыцягнутыя да адказнасці, а незаконны рэстаранна-забаўляльны комплекс атрымаў дазвол на ажыццяўленне дзейнасці", — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі грамадскасці падкрэсліваюць, што ўрочышча Курапаты мае вялікае сімвалічнае і гістарычнае значэнне для Беларусі як месца памяці ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1937—1940-х гадоў. "Факт незаконнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты выклікаў рэзка негатыўную рэакцыю шырокай грамадскасці Мінска і ў цэлым Беларусі. Грамадскія актывісты, абураныя незаконнасцю і амаральнасцю з'яўлення рэстаранна-забаўляльнага комплексу ў Курапатах, блакуюць яго дзейнасць", — адзначаюць аўтары.

Яны заклікаюць "адказных асоб" Генеральнай пракуратуры, Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама і Мінаблвыканкама "прынцыпова паставіцца да сітуацыі, якая склалася, і прыняць адпаведныя дзеянні": прыпыніць дзейнасць рэстаранна-забаўляльнага комплексу "Паедзем паядзім" да высвятлення дадатковых абставінаў законнасці будаўніцтва гэтага аб'екта; правесці пракурорскую праверку законнасці і абгрунтаванасці ўнясення зменаў у пастанову Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 года № 15 і змены межаў ахоўнай зоны месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій "Курапаты", а таксама іншых рашэнняў дзяржаўных органаў аб узгадненні далейшага будаўніцтва рэстарана "Паедзем паядзім"; адмовіцца ад практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці грамадскіх актывістаў, якія абараняюць ахоўную зону Курапатаў.

Заяву падпісалі 32 прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, а таксама 9 аб'яднанняў.

Акцыі пратэсту каля ўваходу ў забаўляльны комплекс праходзяць штодня з 31 мая.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239