Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/20/961531_961532/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 09:53
20.06.2018 11:47 Грамадства

Севярынец: Мінкультуры не гатова браць на сябе адказнасць за сітуацыю ў Курапатах

Мінск, 20 чэрвеня. Міністэрства культуры не жадае разбірацца ў сітуацыі з будаўніцтвам забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім" каля ўрочышча Курапаты, заявіў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Павел Севярынец 20 чэрвеня пасля сустрэчы з намеснікам міністра Аляксандрам Яцко.
"Ні жадання займацца Курапатамі, ні жадання нешта выправіць у гэтай сітуацыі падчас прыёму ў намесніка міністра мы не ўбачылі, — сказаў Севярынец. — Былі дзяжурныя словы пра тое, што яны разгледзяць наш зварот, прасілі даць ім абгрунтаванне, і яны, можа быць, падумаюць, ці варта вярнуцца да ранейшых зон аховы. Але ўсё гэта патанала ў вале спасылак на бюракратычныя працэдуры, дробязі, якія проста не маюць дачынення да сітуацыі".

На думку Севярынца, Міністэрства культуры "не гатова браць на сябе адказнасць за сітуацыю ў Курапатах", яно адмяжоўваецца "і ад конкурсу па мемарыялізацыі Курапатаў, і ад зямель зон аховы, і ад самога мемарыяла, словам, ад таго, чым міністэрства павінна займацца".

"Сустрэчу, на мой погляд, правялі для птушачкі, каб даць справаздачу, што, маўляў, і Міністэрства культуры мае дачыненне да Курапатаў. Горш за тое, я думаю, што гэта яшчэ і прыкрыццё той злачыннай карупцыйнай схемы, якая прайшла роўненька праз Мінкультуры. Работнікі міністэрства ў ёй удзельнічалі. Гэта проста справа часу, калі гэта выплыве вонкі. Думаю, што проста адбываецца "крышаванне" мафіі", — сказаў сустаршыня БХД.

У сваю чаргу актывістка грамадскай ініцыятывы "У абарону Курапатаў" Ганна Шапуцька паведаміла БелаПАН, што ніякіх прапаноў па ўрэгуляванні сітуацыі з забаўляльным комплексам каля ўрочышча ад чыноўнікаў Міністэрства культуры не прагучала.

"Мы сказалі Яцко, што лічым немагчымым, каб так званы "Бульбаш-хол" працаваў, што трэба яго закрываць, — расказала Шапуцька. — Заявілі, што лічым усё гэта незаконным, нагадалі, што Генпракуратура і Мінкультуры не выканалі свае прадстаўленні [аб ліквідацыі парушэнняў патрабаванняў заканадаўства па ахове гісторыка-культурных помнікаў]. Сказалі, што Мінкультуры павінна стаяць побач з пратэстуючымі ў Курапатах, паколькі існаванне гэтага жудаснага рэстарана проста выбівае глебу з-пад ног самога міністэрства".

"Мы папрасілі Яцко растлумачыць, на якой падставе міністэрства ўзаконіла скарочаныя зоны аховы Курапатаў. Чыноўнік спаслаўся на распрацоўшчыка праекта Вадзіма Глінніка і сказаў, што той усё ўжо абгрунтаваў. Пры гэтым ён пацвердзіў, што ў міністэрстве няма дакументаў, якія тычацца праекта комплексу, гэта значыць ім проста нецікава, што адбываецца ў Курапатах", — адзначыла Шапуцька.

Паводле слоў Севярынца, абаронцы Курапатаў маюць намер дамагацца прыёму ў чыноўнікаў Мінаблвыканкама, Генпракуратуры і Адміністрацыі прэзідэнта.

Акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім" каля месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій праходзяць штодня з 31 мая.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239