Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/21/961817/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 08:27
21.06.2018 15:38 Грамадства, Палітыка

Рада БНР заклікае ўлады захаваць недакранальнасць Курапат

Мінск, 21 чэрвеня. Рада БНР абураная адкрыццём каля месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам рэстаранна-забаўляльнага комплексу "Паедзем паядзім" і заклікае захаваць іх недакранальнасць. Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Адзначаецца, што Курапаты — адзін з галоўных гістарычных помнікаў і мемарыялаў у краіне. "На тэрыторыі ўрочышча Курапаты савецкія акупанты ў трыццатыя і саракавыя гады мінулага стагоддзя расстралялі тысячы мірных жыхароў Беларусі. Гэтае месца з`яўляецца галоўным нацыянальным мемарыялам, дзе ўшаноўваюцца ахвяры савецкага рэжыму на Беларусі. Апроч гэтага, у 1988 годзе Курапаты сталіся знакавым месцам для фармавання агульнанацыянальнага дэмакратычнага руху, які зрабіўся асноўнай сілай, што спрычынілася да з`яўлення на карце свету незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе", — падкрэсліваюць аўтары.

На іх думку, "савецкія акупацыйныя ўлады і постсавецкі рэжым Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова дэманстравалі сваё жаданне зганьбіць Курапаты, а таксама сцерці народную памяць аб гэтым месцы і страшных падзеях, якія там адбываліся".

"Рада БНР заяўляе, што пабудова забаўляльных установаў на месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў рэпрэсій, а таксама перагляд ахоўных межаў мемарыяла з`яўляюцца злачынствам супраць нацыянальнай памяці. Рада БНР выказвае сваю падтрымку і шчырую падзяку ўсім, хто асабіста ўдзельнічае ў акцыях пратэсту на месцы і спрыяе пашырэнню інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Курапатах", — падкрэсліваюць заяўнікі.

Прадстаўнікі рады лічаць, што "маўклівая згода афіцыйных уладаў Беларусі на зганьбаванне Курапатаў у чарговы раз сведчыць аб тым, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў важных аспектах па-ранейшаму захоўвае характар палітычнага пераемніка акупацыйнага савецкага рэжыму". "Палітыка ў справе мемарыяла ахвярам савецкага тэрору ў Курапатах відавочна і востра супярэчыць пазітыўным жэстам з боку кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, якія маглі былі быць з надзеяй успрынятыя беларускім дэмакратычным грамадствам і дыяспарай у кантэксце адзначэння 100-годдзя незалежнасці БНР у сакавіку гэтага года", — адзначаецца ў тэксце.

Акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу з рэстаранам каля месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій праходзяць штодня з 31 мая.

Урад і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была абвешчаная 25 сакавіка 1918 года, са студзеня 1919-га знаходзяцца ў выгнанні. Івонка Сурвіла, цяперашні старшыня Рады БНР, якая лічыць сябе пераемніцай улады, жыве ў Канадзе.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239