Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/23/962087_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.09.2020 17:25
23.06.2018 16:38 Грамадства, Палітыка

Партыя БНФ патрабуе ад уладаў забяспечыць недатыкальнасць Курапат

Мінск, 23 чэрвеня. Партыя БНФ патрабуе ад беларускіх уладаў "нарэшце забяспечыць недатыкальнасць Курапат, спыніць маніпуляцыі з межамі ахоўных зон мемарыяла і распачаць належныя захады для спынення функцыянавання забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім".
"Нацыянальны некропаль Курапаты з'яўляецца месцам пакутніцкай смерці і пахавання многіх тысяч нявінных беларусаў, закатаваных камуністычнай уладай, якое ў чарговы раз патрабуе абароны", адзначаецца ў прынятай 23 чэрвеня заяве сойма Партыі БНФ.

"Пабудаваны некалькі гадоў таму з грубымі парушэннямі закона забаўляльны комплекс "Бульбаш-хол" адкрыўся пад новай назвай і пачаў працу", — гаворыцца ў дакуменце.

Як падкрэсліваецца ў партыйнай заяве, многія паважаныя беларусы, прадстаўнікі інтэлігенцыі, грамадскіх і палітычных арганізацый, беларускага бізнэсу, а таксама аўтарытэтныя дзеячы культуры з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і іншых краін ацанілі сам факт адкрыцця забаўляльнага комплексу на мяжы мемарыяла ў Курапатах "як вандалізм, заявілі пра амаральнасць і непрыстойнасць" гэтага рашэння.

Сойм Партыі БНФ заяўляе "пра недапушчальнасць размяшчэння ў непасрэднай блізкасці ад мемарыяла ў Курапатах забаўляльнай установы, лічыць гэта апаганеннем памяці дзясяткаў і соцень тысяч нявінных ахвяр сталінскага тэрору, абразай гонару і годнасці іх нашчадкаў, усёй беларускай нацыі, блюзнерствам і здзекам з маралі і гістарычнай памяці".

Партыя БНФ заклікае правесці перамовы паміж уласнікамі і прадстаўнікамі абаронцаў Курапат для "вырашэння ганебнай сітуацыі, якая ўзнікла пасля адкрыцця рэстарана", вызначыць час, месца і фармат перамоваў на нарадзе арганізацый, якія бяруць удзел у грамадскай акцыі пратэсту каля ўваходу ў комплекс.

Як паведамлялася, напярэдадні ўладальнікі забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім" прапанавалі свае тры варыянты вырашэння праблемы з працай установы. 22 чэрвеня адзін з уладальнікаў комплексу Леанід Зейдэс сустрэўся са старшынёй Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым.

Як паведаміў БелаПАН Кастусёў, першы варыянт — продаж комплексу па сабекошце. Новы ўладальнік, калі ён будзе да гэтага гатовы, мог бы перадаць яго грамадскасці пад музей.

Другі: уладальнікі ўкладваюць свае сродкі ў рэканструкцыю мемарыяла (гаворка ішла пра суму да 100 тыс. долараў), а таксама змяняюць фармат установы з забаўляльнага на сямейны, які б наведвалі бацькі з дзецьмі.

Трэці: уладальнікі гатовыя перадаць адзін з будынкаў для размяшчэння ў ім музея. Яны гатовыя за свой кошт забяспечыць яго камунікацыямі і адгарадзіць ад астатняга комплексу, каб быў асобны ўваход з боку мемарыяла, а таксама памяняць фармат установы.

Акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу каля месца масавых расстрэлаў і пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій праходзяць штодня з 31 мая. Іх удзельнікі настойваюць на закрыцці або пераносе комплексу.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239