Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/06/25/962203_962204/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 18:48
25.06.2018 13:22 Грамадства

Стук: Рэстаран у Курапатах не знаходзіцца ў ахоўнай зоне (дапоўнена)

Мінск, 25 чэрвеня. Забаўляльны комплекс з рэстаранам "Паедзем паядзім" не знаходзіцца ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці, заявіў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, адказваючы на пытанне БелаПАН. Але ў залежнасці ад далейшага развіцця сітуацыі Генпракуратура можа ініцыяваць новую праверку выканання заканадаўства пры будаўніцтве аб'екта, дадаў ён.
"Як Генпракуратура глядзіць на гэту сітуацыю? Пакуль пасіўна і пакуль чакае", — адзначыў Стук. Пры гэтым ён нагадаў, што ў 2012 годзе Генеральная пракуратура накіравала прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры будаўніцтве комплексу каля ўрочышча Курапаты пад Мінскам.

"Праверка, якая была праведзена, выявіла, што пэўны комплекс будынкаў пабудаваны менавіта ў ахоўнай зоне, — растлумачыў намеснік генпракурора. — На той момант, сапраўды, мы ўстанавілі парушэнне і інфармавалі аб гэтым Мiнiстэрства культуры. Пасля пэўных даследаванняў, праверак упаўнаважаныя органы, у прыватнасці рэспубліканская рада (па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны. — БелаПАН.) адсунула межы забароненай зоны. І цяпер у нас ёсць вынік рашэння кампетэнтнага органа аб тым, што гэты будынак не знаходзіцца ў ахоўнай зоне".

"Як будуць далей развівацца падзеі? Ёсць рашэнне кампетэнтнага органа. Калі гэта пытанне будзе нейкім чынам падымацца далей, дэпутатамі, грамадскімі арганізацыямі, мы таксама тады праверым, наколькі рашэнне кампетэнтнага органа законнае. Пакуль вось так", — сказаў Стук.

З 31 мая грамадскія актывісты штодня праводзяць акцыі супраць адкрыцця каля Курапатаў забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім". Нягледзячы на гэта, рэстаран адкрыўся, але наведвальнікаў там практычна няма — абаронцы Курапатаў блакуюць уезд машын на тэрыторыю комплексу, пераконваюць людзей не наведваць забаўляльную ўстанову, пабудаваную паблізу месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Кампанію супраць працы рэстарана "Паедзем паядзім" у Курапатах падтрымалі многія вядомыя людзі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239