Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/04/963466_963467/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 11:39
04.07.2018 16:55 Палітыка

Затрыманы яшчэ адзін абаронца Курапатаў — рэжысёр Аляксей Туровіч

Мінск, 4 ліпеня. У Мінску 4 ліпеня затрыманы рэжысёр Аляксей Туровіч, які з канца мая пастаянна ўдзельнічае ў акцыях супраць працы ў Курапатах забаўляльнага комплексу з рэстаранам "Паедзем паядзім".

4 ліпеня з самай раніцы каля дома, дзе жыве Туровіч, дзяжурыў сіні мікрааўтобус з невядомымі людзьмі ў цывільным. Каля 14.00 рэжысёр быў затрыманы, калі выйшаў на вуліцу, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Тым часам у розных судах Мінска ідуць працэсы па справах актывістаў апазіцыі, якія ўдзельнічалі ў абароне Курапатаў.

У судзе Мінскага раёна судзяць актывіста грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максіма Вінярскага, затрыманага напярэдадні ў цэнтры горада.

Паводле не пацверджанай пакуль інфармацыі, у судзе Фрунзенскага раёна павінны слухаць справу старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Палітык быў затрыманы 3 ліпеня па дарозе ў аэрапорт — ён ехаў у Варшаву на пасяджэнне міжнароднай камісіі сейма Польшчы. Аднапартыйцы Кастусёва лічаць, што судзіць яго будуць за ўдзел у акцыі ў Курапатах.

У судзе Цэнтральнага раёна павінен прайсці суд над прадстаўніком руху салідарнасці "Разам" Вячаславам Сіўчыкам. Палітык быў затрыманы напярэдадні ў Мінску. Паводле папярэдняй інфармацыі, у дачыненні да Сіўчыка складзена каля сямі адміністрацыйных пратаколаў за ўдзел у акцыі ў Курапатах.

Нагадаем, у канцы мінулага тыдня былі затрыманыя актыўныя абаронцы Курапатаў Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык, Наталля Гарачка і Дзяніс Урбановіч. Севярынец і Нікалайчык асуджаныя на 10 сутак арышту.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239