Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/05/963552_447788/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 12:08
05.07.2018 10:47 Грамадства, Палітыка

Праваабаронцы: У Беларусі працягвае парушацца права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў

Мінск, 5 ліпеня. У Беларусі працягвае парушацца права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў, сведчыць агляд сітуацыі з правамі чалавека за чэрвень, падрыхтаваны закрытым уладамі праваабарончым цэнтрам "Вясна".
"Празмерна шырокае азначэнне масавых мерапрыемстваў дазваляе караць буйнымі штрафамі або адміністрацыйным арыштам практычна любыя публічныя праявы грамадскай актыўнасці без атрымання дазволу мясцовых уладаў", — адзначаюць праваабаронцы.

Аўтары агляду нагадваюць, што 30 мая пачалося пікетаванне грамадскімі актывістамі, прадстаўнікамі палітычных партый і грамадскіх арганізацый тэрыторыі гандлёва-забаўляльнага комплексу, размешчанага ў непасрэднай блізкасці ад месца масавых пакаранняў смерцю і пахавання ахвяраў савецкіх рэпрэсій 1930—40-х гадоў — ўрочышча Курапаты.

"Той факт, што дзяржава на працягу 30 гадоў ухіляецца ад паўнавартаснага расследавання і прызнання абставінаў расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты, што пры падтрымцы ўладаў неаднаразова рабіліся спробы сказіць усталяваныя ў пачатку 90-х гадоў пракуратурай факты, а таксама так ці інакш умяшацца ў ахоўныя межы тэрыторыі гэтага месца, якое стала ў Беларусі сімвалам смутку і пакутаў, вывеў сітуацыю на ўзровень супрацьстаяння ідэй і перакананняў", — лічаць праваабаронцы.

На іх думку, дзяржаўныя інстытуты ўхіліліся ад вырашэння праблемы. "Генеральная пракуратура і Міністэрства ўнутраных справаў заявілі аб сваім "нейтралітэце" ў гэтым канфлікце.

Між тым, менавіта на прадстаўніках сіл правапарадку ляжыць пазітыўны абавязак стварыць умовы для бесперашкоднага выказвання меркаванняў і правядзення мірных сходаў. Аднак за мінулы месяц прадстаўнікамі органаў унутраных справаў не створана бяспечнага для ўсіх удзельнікаў канфлікту асяродку, які б выключыў іх фізічны кантакт і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў; адзінай формай рэагавання сталі шматлікія (па звестках ПЦ "Вясна", больш за 120) пратаколы ў дачыненні да актывістаў і некалькі пратаколаў у дачыненні да наведвальнікаў забаўляльнага комплексу", — падкрэсліваецца ў аглядзе.

29 чэрвеня па дарозе да Курапатаў быў затрыманы аўтамабіль і канфіскаваныя драўляныя крыжы, якія актывісты хацелі ўсталяваць непадалёк ад месца масавых расстрэлаў. З0 чэрвеня судамі разгледжаныя раней складзеныя ў дачыненні да палітыка Паўла Севярынца і актывісткі Вольгі Нікалайчык пратаколы, абодвум прызначаны адміністрацыйны арышт на 10 сутак.

Праваабаронцы нагадваюць і пра іншыя палітычна матываваныя адміністрацыйныя справы. Так, 14 чэрвеня суд Савецкага раёна Мінска разгледзеў справу сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца, якога абвінавацілі ў закліках да правядзення масавага мерапрыемства. Палітык быў аштрафаваны. У Віцебску 19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі апазіцыянера і распаўсюджвальніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239