Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/07/963898_805047/
Дата раздрукоўкі: 04.08.2021 20:55
07.07.2018 17:01 Палітыка

Канапацкая адмовілася балатавацца на пасаду старшыні АГП

Мінск, 7 ліпеня. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла аб зняцці сваёй кандыдатуры на выбарах старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якія адбудуцца на з'ездзе 8 ліпеня.

"Больш за паўгода таму я абвясціла пра сваё рашэнне балатавацца на пасаду старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі. У мяне былі ідэі і канкрэтныя меры, як дамагчыся магутнага развіцця нашай палітычнай арганізацыі, павялічыць яе вагу ў палітычных працэсах у Беларусі, — піша Канапацкая ў сваёй заяве. — На працягу мінулага перыяду часу я правяла больш за сотню сустрэч з аднапартыйцамі. <...> Мая каманда зрабіла сур'ёзнае даследаванне і аўдыт дзейнасці АГП за некалькі гадоў. Вынікам гэтай працы стала выніковая справаздача, якая выявіла маю недаацэнку самых сур'ёзных праблем у Аб'яднанай грамадзянскай партыі".

"На парадку дня нашай партыі павінна стаяць сістэмная, структурная перазагрузка. Для яе ажыццяўлення патрабуецца штодзённая карпатлівая праца на працягу некалькіх гадоў. Сумяшчэнне дэпутацкай працы ў Палаце прадстаўнікоў з рэалізацыяй маёй абноўленай праграмы рэформаў АГП не ўяўляецца магчымым", — заявіла Канапацкая.

Акрамя таго, яна вырашыла "сканцэнтраваць максімум намаганняў на падрыхтоўцы да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у 2019 і 2020 гадах".

"Гэтыя важныя выбарчыя кампаніі з'яўляюцца чарговым шанцам як для АГП, так і для ўсёй нашай краіны паўстаць на шлях эканамічнага і палітычнага дынамічнага дэмакратычнага развіцця. Наша партыя абавязаная максімальна поўна скарыстацца ўсімі палітычнымі магчымасцямі парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца", — лічыць палітык.

"Я заўсёды адкрытая для сумеснай працы з усімі членамі АГП, — падкрэсліла яна. — У нас ёсць агульнае бачанне праблем, праграма партыі і мой маніфест. <...> Патэнцыял пляцоўкі Палаты прадстаўнікоў, яе магчымасці нават у цяперашнім выглядзе былі выкарыстаныя партыяй толькі ў нязначнай ступені. Лічу, што новаму старшыню АГП, палітычнай радзе важна надаваць працы ў гэтым кірунку значна больш увагі і высілкаў. Актывізацыя нашых ініцыятыў праз Палату прадстаўнікоў, іх прасоўванне ў грамадстве дасць магчымасць вырашыць наспелыя праблемы і ў самой партыі, забяспечыць рост колькасці рэальных членаў АГП, павелічэнне пазнавальнасці і папулярнасці партыі, палепшыць якасць кіравання і дыялогу паміж цэнтрам і рэгіёнамі".

Канапацкая заявіла пра гатоўнасць падтрымліваць новага старшыню "ў напрамку адраджэння Аб'яднанай грамадзянскай партыі, вяртання ёй аўтарытэту і павагі ў грамадстве". "Час пакласці канец бессэнсоўным разладу, сваркам і канфліктам. Я разлічваю на тое, што новае кіраўніцтва АГП адновіць давер ўнутры арганізацыі, створыць атмасферу палітычнага драйву і жадання кожнага члена партыі працаваць на нашу агульную перамогу", — напісала яна.

З 2000 года АГП узначальвае Анатоль Лябедзька. Яшчэ ў красавіку ён заяўляў, што "99,9%" не будзе прэтэндаваць на пасаду старшыні партыі, аднак нядаўна змяніў рашэнне. На выбарах балатуюцца таксама яго намеснікі Мікалай Казлоў і Васіль Палякоў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239