Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/10/964154_774125/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2018 10:51
10.07.2018 11:08 Грамадства

У Мінску пачаўся суд над журналістам Дзмітрыем Галко

Мінск, 10 ліпеня. У судзе Савецкага раёна Мінска 10 ліпеня пачаліся слуханні справы журналіста Дзмітрыя Галко. Яго абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).
Працэс вядзе суддзя Аляксандр Якунчыхін.

Абвінавачанне звязанае з падзеямі 25 лістапада 2017 года. У той дзень сын Галко святкаваў 15-годдзе з сябрамі ў кватэры ў Мінску. Праз некалькі гадзін у дзверы пазваніў участковы. Ён паведаміў, што прыбыў на шум, і папрасіў дакументы. Як сцвярджае Галко, міліцыянер, а таксама мужчына і жанчына ў цывільным, што суправаджалі яго, літаральна ўварваліся ў кватэру, участковы спрабаваў фатаграфаваць тое, што адбываецца, на тэлефон. Завязалася бойка, затым, паводле слоў журналіста, у кватэру ўварвалася група захопу.

Двое маладых людзей, якія прыйшлі на дзень нараджэння, атрымалі траўмы, уцякаючы ад міліцыянераў праз балкон. Дзмітрыя Галко, яго сына і яшчэ некалькіх падлеткаў даставілі ў аддзяленне міліцыі. Пазней высветлілася, што частка падлеткаў былі ў нецвярозым стане. На наступны дзень маладых людзей адпусцілі дадому, а Дзмітрыя Галко даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. 27 лістапада яго асудзілі за дробнае хуліганства і аштрафавалі.

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама БелаПАН паведамілі, што падчас інцыдэнту 25 лістапада "была спроба нанесці ўдары супрацоўніку у вобласць галавы". "Некаторыя дасягнулі сваёй мэты. Плюс разбілі тэлефон і хапалі за форменнае абмундзіраванне", — сцвярджалі ў міліцыі.

У снежні ў дачыненні да Дзмітрыя Галко распачалі крымінальную справу, пасля чаго ён разам з сынам паехаў ва Украіну. Калі ў красавіку журналіст вярнуўся ў Беларусь, яго затрымалі і ўзялі пад варту.

Беларускія палітыкі і грамадскія актывісты стварылі камітэт па вызваленні палітвязняў. Яны расцэньваюць крымінальны пераслед Галко як "адназначны пасыл улады грамадзянскай супольнасці, скіраваны на запалохванне грамадства, задушэнне яго волі да супраціву гвалтоўным дзеянням і прадухіленне мірных акцый пратэсту".

Апошнія некалькі гадоў Дзмітрый Галко супрацоўнічаў з недзяржаўнай газетай "Новы час".

Максімальнае пакаранне на падставе артыкула 364 КК, паводле якога абвінавачваецца журналіст, — шэсць гадоў пазбаўлення волі.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН