Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/11/964357_964358/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2018 11:19
11.07.2018 12:58 Эканоміка, Фінансы

Аршанскі авіярамонтны завод вернуць у дзяржуласнасць

Мінск, 11 ліпеня. Падрыхтавана рашэнне аб вяртанні Аршанскага авіярамонтнага завода ў дзяржуласнасць, далажылі Аляксандру Лукашэнку падчас яго наведвання гэтага прадпрыемства 11 ліпеня.
Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што ўласнікі завода (украінская кампанія "Матор Січ" і беларускае ЗАТ "Сістэмы інвестыцый і інавацый") самі ад яго адмовіліся. "Уласнікі — вы, таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка выказаў шэраг нараканняў у адрас Міністэрства транспарту і камунікацый у сувязі з тым, што яно "самаўхілілася ад сітуацыі на прадпрыемстве". Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў дадзеным выпадку адсутнасць ва ўласнасці дзяржавы акцый не магла служыць апраўданнем. "Тут працуюць мае людзі, твае людзі: беларусы працуюць, рускія — нашы грамадзяне Беларусі, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака. — Якая розніца, каму належаць гэтыя акцыі? Гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальную заработную плату".

Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу ліпеня вырашыць усе пытанні ў дачыненні да ведамаснай падпарадкаванасці прадпрыемства. "Завод павінен працаваць, чаго б гэта ні каштавала. Заводу не толькі быць — гэты завод павінен мець перспектыву развіцця. І пакладзіце мне на стол архітэктурны праект і іншае з улікам таго, што тут робіць бізнес для пашырэння аэрапорта і гэтак далей. Сядайце і вызначайцеся. Не дай бог я яшчэ раз прыеду ў Оршу і будзе такая сітуацыя", — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў аб неабходнасці "дакладна вызначыць не толькі найбліжэйшыя планы па развіцці завода, але і на перспектыву, з улікам таго, што такое прадпрыемства будзе запатрабавана на працягу многіх гадоў". "Верталётная вытворчасць і мадэрнізацыя, аднаўленне, рамонт верталётаў — у свеце іх мора — таму кавалак працы ў вас добры", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў: калі ёсць цяжкасці з пастаўкай неабходных камплектуючых з боку традыцыйных партнёраў, неабходна шукаць новыя варыянты, дыверсіфікаваць партнёрскія сувязі, самастойна асвойваць выпуск тых ці іншых камплектуючых. "Не трэба хадзіць і думаць, што мы нічога не можам. Трэба займацца гэтай справай, калі ёсць рынак і верталёты для рамонту і мадэрнізацыі. Тысячы чалавек (працаўнікоў прадпрыемства) — тут добрая школа, ідэальныя ўмовы, каб працаваць", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не выключыў, што пэўная дапамога і падтрымка можа быць аказана прадпрыемству і з боку дзяржавы. "Нечым дапаможам на нейкі перыяд, але трэба разгортвацца тут", — падкрэсліў ён.

Нагадаем, у канцы красавіка ўпраўленне Генпракуратуры па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю паведаміла аб праверцы законнасці дзеянняў асноўных акцыянераў ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод", асабліва ўкраінскага інвестара "Матор Січ", якія прывялі да негатыўных наступстваў у фінансава-гаспадарчай працы прадпрыемства.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, аналізаваліся прычыны невыканання кампаніяй "Матор Січ" інвестыцыйнага дагавора, згодна з якім з 2012 па 2016 год у рэканструкцыю і мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў аршанскага прадпрыемства планавалася ўкласці не менш за 12 млн долараў. На гэтыя грошы меркавалася павялічыць іх загрузку, ажыццявіць рамонт і добраўпарадкаванне аб'ектаў сацыяльнай сферы завода і гарадскога пасёлка Балбасава.

"Сабраныя матэрыялы дазваляюць казаць пра сур'ёзныя парушэнні заканадаўства з боку былога кіраўніцтва завода, прызначанага ўкраінскім акцыянерам, і службовых асоб ПАТ "Матор Січ". Дадзеныя парушэнні прывялі да зрыву шэрагу кантрактаў, заключаных з замежнымі прадпрыемствамі, а таксама беларускім заказчыкам, што фінансуюцца з бюджэту. Выклікае сумнеў кошт пастаўленых на завод матэрыяльных актываў, а таксама абгрунтаванасць іх аднясення да інвестыцый", — гаварылася ў паведамленні Генпракуратуры Беларусі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН