Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/11/964360_744125/
Дата раздрукоўкі: 19.07.2018 08:20
11.07.2018 13:49 Спорт

Спартсмены — удзельнікі Еўрапейскіх гульняў 2019 года здадуць больш за тысячу допінг-пробаў

Мінск, 11 ліпеня. Спартсмены — удзельнікі Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Мінску падчас правядзення спаборніцтваў здадуць прыблізна тысячу допінг-пробаў, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў Яўгенія Нікіціна.

У дырэкцыі адзначылі, што для гэтага Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі прыцягне да працы замежных допінг-афіцэраў. "Антыдопінгавыя мерапрыемствы будуць праходзіць пад кантролем Незалежнай арганізацыі антыдопінгавага тэставання, якой кіруе Валеры Фурнейрон. Падчас гульняў ва ўдзельнікаў спаборніцтваў будзе ўзята больш за 1.000 допінг-пробаў", — сказала яна.

З 10 па 12 ліпеня ў Мінску праходзіць семінар для прадстаўнікоў прэс-службаў нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і вядучых СМІ Еўропы. Яго ўдзельнікамі сталі спецыялісты з Беларусі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Кіпра, Латвіі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Чэхіі, Эстоніі і іншых краін.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 мая ўказ № 201 "Аб супрацьдзеянні допінгу ў спорце", які закліканы падтрымаць барацьбу за чысціню спорту.

Міністэрства спорту і турызму Беларусі ў гэтым пытанні выступае за ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць парушальнікаў аж да крымінальнай адказнасці. "Пакаранне за допінг павінна быць суровае і няўхільнае", — пракаментаваў указ прэс-сакратар Мінспорту Уладзімір Несцяровіч. Паводле яго слоў, неабходна перш за ўсё ўдарыць па руках тых, хто схіляе спартсменаў, найперш маладых, да ўжывання забароненых прэпаратаў. Менавіта таму ўраду даручана прапрацаваць пытанне аб увядзенні крымінальнай адказнасці за выкарыстанне допінгу і схіленне спартсменаў да парушэння антыдопінгавых правілаў.

Другія Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года на 12 спартыўных аб'ектах. Удзел у спаборніцтвах возьмуць больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін. Будзе разыграны 201 камплект узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў дзесяці відах спорту стануць кваліфікацыйнымі да летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН