Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/11/964365_440012/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2018 10:43
11.07.2018 13:28 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка даручыў падрыхтаваць план развіцця Балбасава паводле аналогіі з пасёлкам Копысь

Мінск, 11 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка даручыў развіваць і добраўпарадкоўваць пасёлак Балбасава ў Аршанскім раёне (Віцебская вобласць). Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, такое даручэнне ён даў 11 ліпеня падчас наведвання Аршанскага авіярамонтнага завода, які размешчаны ў гэтым пасёлку.

Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся да 7 лістапада завяршыць работы па добраўпарадкаванні гэтага населенага пункта, надаць увагу стварэнню новых працоўных месцаў, развіццю сацыяльнай інфраструктуры. "Чаму я чапляюся за Барань і Балбасава — гэта шыкоўнае месца, лепш не прыдумаеш для жыцця. Чаму тут людзям не жыць? Яны будуць тут жыць, калі будзе праца. Працу трэба ім даць. Толькі наша бязладнасць не дазволіць загрузіць тут людзей", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён даручыў падаць яму план развіцця Балбасава паводле аналогіі з гарадскім пасёлкам Копысь. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што аналагічная праца ўжо вядзецца, паведамляе прэс-служба.

Перад беларуска-індыйскім бізнес-форумам 4 чэрвеня ў Мінску кіраўнік дырэктар кампаніі Bajaj Industires Ltd Панкадж Баджадж паведаміў, што пад Оршай, у пасёлку Балбасава, плануецца пабудаваць беларуска-індыйскі гандлёва-лагістычны хаб. Паводле яго слоў, індыйскі бізнес плануе супрацоўнічаць з Беларуссю ў асаблівай эканамічнай зоне "Брэміна-Орша". "Вельмі важна, што такая ініцыятыва дасць магчымасць стварыць гандлёва-лагістычны хаб, з якога можна па аўтамабільных дарогах дастаўляць прадукцыю ў краіны Балтыі, Расію, Украіну. Гэта вельмі важная ініцыятыва, якая дасць магчымасць не толькі пашырыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Індыяй, але і распаўсюджваць індыйскую прадукцыю ў суседнія краіны", — сказаў Панкадж Баджадж.

Дырэктар ТАА "Брэміна груп" Васіль Дземянцей паведаміў журналістам аб будаўніцтве мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Балбасаве, дзе плануецца стварыць асаблівую эканамічную зону "Брэміна-Орша". "Першыя крокі ў Індыю мы зрабілі ў верасні мінулага года ў межах візіту кіраўніка беларускай дзяржавы, калі расказалі пра свой праект. Сённяшні прыезд індыйскага бізнесу — гэта вынікі той працы, якая была зробленая пасля візіту кіраўніка дзяржавы", — сказаў Дземянцей.

Паводле яго слоў, да канца лета павінен быць падпісаны ўказ аб стварэнні асаблівай эканамічнай зоны "Брэміна-Орша", якая стане другой такой зонай пасля парку "Вялікі камень".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН