Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/11/964415_888555/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2018 22:54
11.07.2018 16:25 Эканоміка

У Аршанскім раёне плануюць стварыць біржу кветак

Мінск, 11 ліпеня. На базе мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Аршанскім раёне (Віцебская вобласць) плануюць стварыць біржу кветак. Пра гэта заявіў старшыня савета ўдзельнікаў ТАА "Брэміна груп" (рэалізуе праект па будаўніцтве комплексу) Аляксандр Зайцаў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

11 ліпеня Лукашэнка наведвае пасёлак Балбасава, дзе плануецца будаўніцтва лагістычнага хаба.

Паводле слоў Зайцава, мяркуецца ажыццяўляць перавалку не толькі замежнай кветкавай прадукцыі, напрыклад з Эквадора, але і кветак айчынных цяплічных гаспадарак. Акрамя таго, у апошнія гады значна вырас сектар паштовых інтэрнэт-замоў. Гэты кірунак дзейнасці таксама плануецца развіваць у мультымадальным комплексе. "Задача такая, каб заняць ключавое месца для аказання лагістычных паслуг на тэрыторыі Беларусі і Цэнтральнай федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі", — сказаў ён.

У сваю чаргу Лукашэнка лічыць неабходным паскорыць стварэнне мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў гэтым гарадскім пасёлку. Тэрмін заканчэння праекта — снежань 2023 года. Прамыслова-лагістычны комплекс будзе ўключаць у сябе аўтамабільны і чыгуначны тэрміналы, авіясектар, універсальныя індустрыяльныя модулі, прамысловую зону, шоу-румы і гасцініцу.

Зайцаў паабяцаў, што прамыслова-лагістычны комплекс пачне працу яшчэ да поўнага завяршэння праекта, чакаецца поўная загрузка пачынаючы з першага этапу рэалізацыі.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі ў гэтым пытанні бачная добрая магчымасць для бізнесу, то не варта расцягваць тэрміны рэалізацыі наступных этапаў. "Калі бачыш, што ёсць бізнес, трэба паскорыцца. Я гатовы ў гэтым удзельнічаць, каб вы паскорыліся", — заявіў Лукашэнка.

Зайцаў пацвердзіў, што ёсць добрая магчымасць для развіцця ўсіх складнікаў. Добрыя перспектывы праглядаюцца ў чыгуначным сегменце ў частцы транзіту кантэйнераў з Кітая ў Еўропу, шматабяцальны і авіяцыйны сектар. Працаваць па гэтых напрамках кампанія ўжо пачала, назапашваецца кліентура.

На сустрэчы падрабязна абмяркоўвалася развіццё мясцовага аэрапорта, будаўніцтва і ўладкаванне сучаснай узлётна-пасадачнай паласы для патрэб не толькі транспартнай грузавой авіяцыі, але і бізнес-авіяцыі. "Тут трэба развіваць бізнес-авіяцыю і сховішчы для самалётаў", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў паскорыць праектаванне і выкананне адпаведных работ: "Трэба зрабіць тыя работы, якія мы сёння можам. Да 7 лістапада ўсё праектныя работы павінны быць скончаныя — і малыя, і вялікія. Але пачынаць працаваць трэба цяпер".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН