Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/11/964463_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.07.2018 15:58
11.07.2018 19:26 Грамадства

КДБ паведамляе аб новых затрыманнях па карупцыйнай справе ў сістэме аховы здароўя

Мінск, 11 ліпеня. У Беларусі затрыманы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі. Пра гэта старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык паведаміў 11 ліпеня вузкаму колу журналістаў дзяржаўных СМІ.
Ласіцкі затрыманы і змешчаны пад варту за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю па арганізацыі дзяржаўнай рэгістрацыі вырабаў медыцынскага прызначэння, а таксама лаяльнае стаўленне пры выбары пастаўшчыкоў медыцынскай тэхнікі. "Сумы хабару вар`іраваліся ад 2,5 тыс. да 10 тыс. долараў", — цытуе Вакульчыка БелТА.

Бялецкі затрыманы і заключаны пад варту за арганізацыю правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медыцынскага абсталявання з боку камерцыйных структур і своечасовую аплату за аказаныя паслугі. Пры правядзенні вобыску ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках знойдзена каля 500 тысяч долараў у эквіваленце".

Сярод затрыманых таксама генеральны дырэктар прадпрыемства "Белфармацыя" Вячаслаў Гніцій, які атрымліваў хабар за арганізацыю першачарговых разлікаў з камерцыйнымі структурамі, а таксама за выбар "патрэбных" пастаўшчыкоў медыцынскай прадукцыі.

Акрамя таго, 23 чэрвеня пры атрыманні чарговага хабару ў 5 тысяч долараў з доказамі злачынства затрыманы дырэктар ААТ "Экзон" Валерый Васкевіч, які на працягу доўгага часу атрымліваў незаконныя грашовыя ўзнагароды за заключэнне дагавораў на пастаўку прадукцыі ў адрас ААТ і паступовы пераход па сутнасці дзяржаўнага прадпрыемства пад кантроль камерцыйнай структуры. Усяго ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра суму не менш за 25 тысяч долараў, адзначае БелТА.

Сярод фігурантаў крымінальных спраў таксама галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Алег Фамін. Ён затрыманы за садзейнічанне ў арганізацыі закупак медыцынскага абсталявання для патрэб бальніцы. Пры правядзенні вобыску па месцы пражывання Фаміна знойдзена каля 140 тысяч долараў у эквіваленце.

Крымінальныя справы ўзбуджаныя ў дачыненні да галоўных урачоў 9-й гарадской клінічнай бальніцы сталіцы Валерыя Кушнірэнкі, Мінскай абласной клінічнай бальніцы Андрэя Каралько і Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Анатоля Аладзькі. Затрыманы таксама галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька.

На гэты час за ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных арт. 430 "Атрыманне хабару", арт. 431 "Дача хабару" і арт. 243 "Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў" Крымінальнага кодэкса Камітэтам дзяржбяспекі затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама прымененыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 37 службовых асоб, а ўсяго — больш за 60 фігурантаў.

"Усе яны шматкроць атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за аказанне садзейнічання ў пастаўцы медабсталявання і медыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах, што пацвярджаецца вынікамі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія праводзіліся працяглы час, паказаннямі сведкаў і саміх абвінавачаных, а таксама вынікамі вобыскаў і выманняў. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасці, за выключэннем затрыманых учора, выстаўлены абвінавачанні па названых артыкулах Крымінальнага кодэкса", — заявіў Вакульчык.

Раніцай 11 ліпеня з`явілася інфармацыя аб затрыманні віцэ-прэм`ера Васіля Жарко, які ў 2006—2016 гадах займаў пасаду міністра аховы здароўя. Афіцыйна яна не пацвердзілася. Прэс-сакратар урада Уладзіслаў Сычэвіч заявіў БелаПАН, што Жарко знаходзіцца на працоўным месцы. Паводле інфармацыі партала tut.by, Жарко двойчы выклікалі на допыт — 6 і 11 ліпеня.

Паведамляецца, што ў дачыненні да 22 службовых асоб і прадпрымальнікаў, "якія дзейна раскаяліся, чыстасардэчна прызналі сваю віну і прынялі меры да пакрыцця незаконна атрыманых грашовых сродкаў, меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай не прымяняліся або былі змененыя на не звязаныя з абмежаваннем волі".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН