Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/16/964903_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 03:49
16.07.2018 10:00 Эканоміка, Фінансы

Валютныя ўкладчыкі пачынаюць больш актыўна цікавіцца інвеставаннем у замежныя каштоўныя паперы

Мінск, 16 ліпеня. Нізкія працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах прывялі да таго, што частка насельніцтва стала шукаць альтэрнатыўныя варыянты размяшчэння грашовых сродкаў. Апошнім часам з боку фізічных асоб павышаецца цікавасць да інвеставання сродкаў у замежныя каштоўныя паперы.
Як паведамілі БелаПАН у некалькіх банках, для ажыццяўлення такіх аперацый кліенты перадаюць сродкі камерцыйным банкам, якія выступаюць у якасці даверных кіраўнікоў. Паводле даных Нацбанка, аб`ём грашовых сродкаў, перададзеных камерцыйным банкам у давернае кіраванне, павялічыўся за 2017 год на 99,6% да 92,2 млн рублёў.

"Мяркуючы па выніках першага паўгоддзя, у 2018 годзе аб`ём сродкаў, перададзеных банкам у давернае кіраванне, можа таксама падвоіцца. Узрослы попыт на гэтую паслугу тлумачыцца тым, што працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах часам нават не перакрываюць інфляцыю па долары ЗША, таму кліенты з дастатковай фінансавай пісьменнасцю шукаюць альтэрнатыву дэпазітам для выгаднага размяшчэння сваіх сродкаў", — распавёў БелаПАН суразмоўца ў банкаўскіх колах.

Ён адзначыў, што ў выпадку паспяховага размяшчэння сродкаў у замежныя каштоўныя паперы прыбытковасць можа вымярацца ў дзесятках працэнтах гадавых, але пры гэтым існуюць і рызыкі страты ўкладанняў у выпадку, калі замежныя каштоўныя паперы ўпадуць ў кошце.

Таму, паводле слоў банкіраў, беларускія грамадзяне, якія інвестуюць у замежныя каштоўныя паперы, маюць высокі даход і высокі ўзровень фінансавай пісьменнасці.

"Гэта, як правіла, забяспечаныя людзі, і яны нясуць не апошнія грошы ў беларускі банк для наступнага інвеставання ў замежныя каштоўныя паперы", — падкрэсліў суразмоўца БелаПАН у банкаўскіх колах.

На дадзены момант для інвеставання сродкаў у замежныя каштоўныя паперы мінімальная сума укладанняў павінна складаць (у залежнасці ад умоў банка) ад 10 тыс. да 50 тыс. долараў ЗША.

На думку інвестыцыйных кансультантаў, у будучыні ў Беларусі могуць атрымаць развіццё фонды банкаўскага кіравання, якія даюць магчымасць насельніцтву нават з невялікім аб`ёмам укладанняў інвеставаць сродкі ў замежныя каштоўныя паперы. Аднак пакуль, адзначаюць эксперты, масавага попыту на паслугі такіх фондаў у краіне не сфармавалася.

"Паколькі дзяржава цалкам гарантуе захаванасць укладаў, наша насельніцтва, якое не прызвычаілася і часцяком не ўмее ацэньваць інвестыцыйныя рызыкі, у большасці выпадкаў лічыць за лепшае размяшчаць сродкі ў дэпазіты", — канстатаваў дырэктар інвестыцыйнай кампаніі "Волат Капітал" Сяргей Муханаў.

У еўрапейскіх краінах, адзначае ён, дзяржава гарантуе вяртанне адносна невялікай сумы ўкладаў.

"Такая пазіцыя дзяржавы прыводзіць да таго, што насельніцтва павышае сваю фінансавую пісьменнасць, вучыцца ацэньваць рызыкі, каб выкарыстоўваць альтэрнатыўныя фінансавыя інструменты. Беларусі па гэтым шляху таксама варта рухацца, калі мы хочам, каб масавыя ўкладчыкі навучыліся знаходзіць альтэрнатыўныя і выгадныя інструменты размяшчэння сваіх сродкаў", — лічыць Муханаў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН