Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/18/965320_965321/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 21:28
18.07.2018 13:20 Палітыка, Грамадства

МЗС: Праект указа аб працягу пяцідзённага бязвізавага рэжыму знаходзіцца на фінальнай стадыі

Мінск, 18 ліпеня. Праект указа прэзідэнта аб працягу тэрміну пяцідзённага бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі знаходзіцца на фінальнай стадыі, паведаміла Міністэрства замежных спраў падчас анлайн-канферэнцыі ў "Фэйсбуку" 18 ліпеня.

"Гэта тэма вельмі актуальная. Цяпер на фінальнай стадыі знаходзіцца адпаведны праект указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб працягу тэрміну знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны, якія прыбываюць праз памежны пункт пропуску "Нацыянальны аэрапорт Мінск", — удакладнілі ў МЗС.

На пытанне, ці не плануецца распаўсюдзіць бязвізавы рэжым на грамадзян, якія прыбываюць не толькі праз нацыянальны аэрапорт, у міністэрстве адказалі, што "ў аддаленай перспектыве не выключаецца бязвізавы ўезд праз наземныя пункты пропуску", але шмат у чым гэта будзе залежаць ад далейшага пераабсталявання наземных пагранічных пунктаў пропуску і павелічэння іх колькасці.

У МЗС таксама падкрэслілі, што падчас правядзення ў Беларусі у 2019 годзе другіх Еўрапейскіх гульняў для балельшчыкаў будзе дзейнічаць бязвізавы рэжым, аналагічны ўстаноўленаму на час чэмпіянату свету па хакеі 2014 года (па білетах пры наяўнасці дзейнага дакумента для ўезду і страхоўкі). "Мяркуецца, што бязвізавы ўезд будзе ўведзены за дзесяць дзён да пачатку спаборніцтваў і будзе дзейнічаць дзесяць дзён пасля іх заканчэння. Наяўнасць білета дазволіць праехаць праз Расійскую Федэрацыю без візы", — адзначылі ў ведамстве.

Указ № 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 9 студзеня 2017 года. Дакумент устанаўлівае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не большы за пяць сутак пры ўездзе праз пункт пропуску ў аэрапорце для грамадзян 80 дзяржаў. Указ набыў моц у лютым мінулага года. Прапанову аб двухразовым павелічэнні тэрмінаў бязвізавага ўезду ўлады пачалі прапрацоўваць восенню.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239