Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/07/19/965468_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:16
19.07.2018 11:57 Эканоміка

"Ашчадбанк" прагназуе інфляцыю ў Беларусі на ўзроўні 6%

Мінск, 19 ліпеня. Інфляцыя ў Беларусі па выніках 2018 года будзе вышэйшай за той узровень, на які арыентуецца Нацыянальны банк, лічаць аналітыкі Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага "Ашчадбанка".
У новым макраэканамічным аглядзе, які падрыхтаваў цэнтр, адзначаецца, што інфляцыя ў Беларусі працягвае абнаўляць гістарычныя мінімумы, запаволіўшыся па выніках чэрвеня да 4,1% у гадавым выражэнні.

"Хуткае запаволенне гадавой інфляцыі падштурхнула Нацыянальны банк да чарговага зніжэння стаўкі рэфінансавання. З 27 чэрвеня стаўка ўстаноўленая на ўзроўні 10%, што з'яўляецца мінімумам апошняга дзесяцігоддзя", — канстатуюць аналітыкі "Ашчадбанка".

Паводле іх ацэнак, інфляцыя будзе некалькі вышэйшай за той узровень, на які арыентуецца Нацбанк Беларусі (5,5%), і складзе па выніках года 6%.

"У найбліжэйшыя месяцы паскарэнне будзе падтрымлівацца як інфляцыяй попыту, так і інфляцыяй прапановы. Хуткі рост рэальных зарплат (13,4% у гадавым выражэнні) прыводзіць да росту выдаткаў у вытворцаў, адначасова падтрымліваючы крэдытную экспансію і рост спажывання", — гаворыцца ў аглядзе.

Яго аўтары таксама адзначаюць, што сёлета ў Беларусі назіраецца рост рознічнага тавараабароту на 11%. "Беларусь знаходзіцца ва ўмовах станоўчага разрыву выпуску, пры якім інфляцыйныя рызыкі традыцыйна ўзрастаюць", — лічаць аналітыкі "Ашчадбанка".

Нагадаем, інфляцыя ў Беларусі ў чэрвені склала 0,4%, за першае паўгоддзе — 2,9.

У апошняй штомесячнай справаздачы аб коштавай кан'юнктуры Нацыянальны банк адзначаў, што чэрвеньская інфляцыя абумоўленая павышэннем адміністрацыйна рэгуляваных цэн. "Рост адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў у гадавым вымярэньні паскорыўся з 8,9% у маі да 9,1% у чэрвені 2018 года ў выніку павышэння цэн на гарэлку. Акрамя таго, значны ўплыў на месячны прырост цэн у дадзеным сегменце ўнесла павелічэнне кошту паслуг дашкольных устаноў на летні перыяд", — падкрэсліваў Нацбанк.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН