Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/01/967188_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:03
01.08.2018 19:47 Грамадства

Суд спыніў адміністрацыйную справу брэсцкага відэаблогера Сяргея Пятрухіна

Мінск, 1 жніўня. Суд Ленінскага раёна Брэста 1 жніўня спыніў адміністрацыйную справу мясцовага відэаблогера Сяргея Пятрухіна, які абвінавачваўся ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КоАП), паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org. Працэс вёў суддзя Аляксандр Семянчук.

На пачатку пасяджэння Сяргей Пятрухін зноў выказаў недавер суддзі, бо раней рабіў фільм пра яго, што можа выклікаць непрыязнасць суддзі да падсуднага. Таксама відэаблогер заявіў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе адваката. Адводу суда не адбылося, хадайніцтва аб удзеле абаронцы было задаволена.

Адвакат у сваю чаргу заявіў хадайніцтва аб тым, што матэрыялы справы павінны быць вернутыя ў РАУС на дапрацоўку. Суддзя адмовіў у задавальненні хадайніцтва.

Падчас працэсу сведкамі выступілі міліцыянеры Аляксандр Тарасюк і Барыс Дзмітрук. Яны паведамілі, што 27 ліпеня прыйшлі да відэаблогера правесці вобшук, сустрэлі Пятрухіна на вуліцы, паказалі пастанову аб правядзенні вобшуку; відэаблогер хацеў сфатаграфаваць яе, але яму не далі такой магчымасці. Тады ён адмовіўся падпісвацца, што азнаёміўся з пастановай, казаў, што не пусціць міліцыянераў у кватэру, бо згубіў ключы, і патрабаваў прысутнасці адваката пры аглядзе. Міліцыянеры заявілі Пятрухіну, што адвакат яму не патрэбны, пасля чаго затрымалі і даставілі ў РАУС.

Адвакат спытаў у сведак, чаму тыя не выканалі патрабаванне відэаблогера аб прысутнасці абаронцы на аглядзе, што гарантавана арт. 62. Пытанне засталося без адказу. Адвакат заявіў, што ў дзеяннях Пятрухіна адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння, і на гэтай падставе прасіў суд спыніць справу. Суддзя прыслухаўся да довадаў абаронцы.

Пастанова пра вобшук Пятрухіну была выпісаная ў сувязі з крымінальнай справай, распачатай у яго дачыненні за абразу маёра міліцыі Мікалая Рабушкі. Да суда 1 жніўня блогер утрымліваўся ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239