Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/02/967269_967270/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:10
02.08.2018 13:57 Грамадства

Галоўны рэдактар "Украінскай праўды" паскардзілася ў суд на бяздзейнасць генпракурора пры расследаванні гібелі Паўла Шарамета

Мінск, 2 жніўня. У Пячэрскі суд Кіева пададзеная скарга на бяздзейнасць генеральнага пракурора Украіны Юрыя Луцэнкі ў расследаванні гібелі журналіста Паўла Шарамета. Скаргу падала галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання "Украінская праўда", грамадзянская жонка Шарамета Алена Прытула. Тэкст скаргі выданне апублікавала 2 жніўня.

Прытула патрабуе прызнаць яе пацярпелай па крымінальнай справе. Яна называе забойства Шарамета тэрактам. "Дзёрзкасць, з якой дзейнічалі тэрарысты, паказвае, што мэтай злачынства было не забойства Паўла Шарамета, а атрыманне псіхалагічнага эфекту ў выглядзе панікі і няўпэўненасці сведак тэракта, тэлегледачоў і блізкіх загінулага Паўла Шарамета ва ўласнай бяспецы. Відавочна, што злачынства ўчынена з мэтай запалохвання як усяго насельніцтва, так і журналістаў у прыватнасці", — адзначыла Прытула.

У скарзе яна нагадвае, што 27 лютага 2018 года звярнулася да генпракурора з заявай, у якой прасіла расследаваць гэту справу як тэракт, які прывёў да гібелі чалавека, аднак Луцэнка на гэту заяву не адрэагаваў.

Прытула просіць суд абавязаць генпракурора "неадкладна ўнесці звесткі ў Адзіны рэестр дасудовых расследаванняў і пачаць расследаванне па факце ўчынення крымінальнага злачынства па ч. 3 арт. 258 Крымінальнага кодэкса Украіны, а менавіта ўчынення тэрарыстычнага акта 20 ліпеня 2016 года, што прывяло да гібелі Паўла Шарамета".

44-гадовы журналіст ураджэнец Беларусі Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. 20 ліпеня 2016 года ў машыне, на якой ехаў Шарамет, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко ў Кіеве. Магутнасць узрыўчаткі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400—600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу па артыкуле "Наўмыснае забойства". Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядалася помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне, па асабістых матывах або па памылцы (цэллю магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца "Украінскай праўды" Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі перамяшчаўся Шарамет у момант трагедыі).

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны 19 ліпеня 2018 года апублікаваў заяву, у якой запатрабаваў ад улады і праваахоўнікаў публічнай справаздачы аб выніках расследавання забойства Шарамета. Журналісты нагадалі, што ў 2017 годзе прэзідэнт Парашэнка патрабаваў публічнай справаздачы аб выніках расследавання, але яна так і не адбылася.

20 ліпеня ў Кіеве на брыфінгу ў сувязі з двухгадовай гадавінай забойства журналіста старшыня Нацыянальнай паліцыі Украіны Вячаслаў Аброськін заявіў, што следства ўстанавіла асобу, якая можа быць датычная да забойства Шарамета, "але пакуль яе не ідэнтыфікавалі". Кіраўнік Нацпаліцыі падкрэсліў, што не можа расказаць больш, таму што ў яго няма для гэтага дазволу ад следчага. "Але праца ідзе, яна працягваецца. І калі будзе магчымасць і адпаведны дазвол, мы зможам сказаць больш. Але гэта, бадай, можа быць тады, калі пэўны чалавек будзе затрыманы, калі яму будзе паведамлена пра падазрэнні і калі будзе рашэнне суда", — дадаў ён.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239