Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/03/967388_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.10.2019 09:23
03.08.2018 12:50 Грамадства

Суд Ленінскага раёна спыніў адміністрацыйную справу ЛГБТ-актывісткі Вікі Біран

Мінск, 3 жніўня. Cуд Ленінскага раёна Мінска спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да ЛГБТ-актывісткі Вікі Біран за фота з плакатам "Самі вы падробка" каля будынка КДБ, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Гаворка ідзе пра падзеі 24 мая, калі Віка Біран сфатаграфавалася з плакатам "Самі вы падробка" на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дома ўрада. Такім чынам актывістка выказала сваю нязгоду з паведамленнем, апублікаваным на афіцыйным сайце МУС. Праваахоўны дзяржаўны орган дапусціў непрыязныя выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў, а таксама негатыўны каментар на адрас пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску, якое 17 мая, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, вывесіла над сваім уваходам вясёлкавы сцяг.

Суддзя Марына Грамовіч, разгледзеўшы справу, устанавіла: правапарушэнне было ўчыненае 24 мая, пратакол аб "несанкцыянаваным пікеце" (ч. 1 арт. 23.34 КоАП) у дачыненні да Біран быў складзены 4 чэрвеня, а ў суд Ленінскага раёна справа паступіла толькі 27 ліпеня, тады як тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці скончыўся 22 ліпеня. У выніку суддзя прыняла рашэнне спыніць гэтую адміністратыўную вытворчасць.

Як паведамлялася раней, 16 ліпеня справа Біран разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала ЛГБТ-актывістку вінаватай у парушэнні правядзення масавага мерапрыемства за фатаграфаванне з плакатам каля будынка МУС і аштрафавала яе на 15 базавых велічынь. Аналагічнае рашэнне, але ўжо за фота ля Дома ўрада, 23 ліпеня вынес суд Маскоўскага раёна ў асобе суддзі Таццяны Мотыль. Віка Біран падала скаргі на рашэнні абодвух судоў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН