Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/06/967616_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 15:26
06.08.2018 12:02 Грамадства

Следчыя высвятляюць абставіны ДТЗ па Оршай, у якім згарэлі два аўтамабілі і загінулі пасажырка і вадзіцель

Мінск, 6 жніўня. Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта расследуе крымінальную справу аб дарожна-транспартным здарэнні, у выніку якога згарэлі два аўтамабілі, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

Устаноўлена, што 1 жніўня 29-гадовы кіроўца аўтамабіля "ГАЗ" аднаго з прадпрыемстваў Магілёва знаходзіўся на абочыне аўтадарогі М8 мяжа РФ (Езярышча) — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны (Новая Гута) з боку Магілёва ў напрамку Віцебска. У салоне аўтамабіля былі дзве пасажыркі, жыхаркі Магілёва.

Аўтамабіль "Таёта-ланд-крузер", якім кіраваў 41-летні жыхар Бабруйска, рухаўся ў спадарожным кірунку. На 175-м кіламетры аўтадарогі паблізу гарадскога пасёлка Бабінічы Аршанскага раёна пры выездзе на праезную частку "ГАЗа" адбылося сутыкненне з "Таётай", пасля чаго машыны загарэліся.

У выніку аварыі 41-гадовая пасажырка "ГАЗа" ад атрыманых траўмаў памерла на месцы здарэння. 30-гадовая пасажырка гэтага аўтамабіля змешчаная ў рэанімацыю з тэрмічнымі апёкамі 80% цела.

У дачыненні да кіроўцы аўтамабіля "ГАЗ" распачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Вадзіцель "ГАЗа" (жыхар Магілёва) быў шпіталізаваны з тэрмічнымі апёкамі IV ступені больш за 95% цела. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў мужчына на другія суткі пасля ДТЗ памёр.

Жыхарам Бабруйска — кіроўцу і двум 42-гадовым пасажырам "Таёты", дастаўленым ва ўстанову аховы здароўя, шпіталізацыя не спатрэбілася.

Кіроўца "Таёты", паводле папярэдніх звестак, быў цвярозы. На месца здарэння выбывала следчая група. У аглядзе месца здарэння таксама бралі ўдзел следчыя абласнога апарата ўпраўлення Следчага камітэта.

Следчымі прызначаныя судова-медыцынскія і аўтатэхнічныя экспертызы. Іх вытворчасць даручаная супрацоўнікам упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239