Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/06/967693_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:43
06.08.2018 16:06 Палітыка, Грамадства

Беларускія праваабаронцы звярнуліся ў Савет па правах чалавека ААН у сувязі з пераследам актывісткі Вікторыі Біран

Мінск, 6 жніўня. Закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" накіраваў зварот да спецыяльнага дакладчыка Савета па правах чалавека ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвіду Кайе з просьбай уступіць у камунікацыю з беларускімі ўладамі і заклікаць іх "спыніць пераслед ЛГБТ-актывісткі Вікторыі Біран за выказванне ёю сваёй грамадзянскай пазіцыі да гамафобнага артыкула, размешчанага на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў".

Як паведамляе spring96.org, праваабаронцы звярнулі ўвагу: падчас адміністрацыйных працэсаў у судах Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў Мінска Біран патлумачыла, што ў пікетаванні не ўдзельнічала, а сфатаграфавалася з плакатам "Самі вы падробка" у адказ на тэкст, які быў размешчаны на афіцыйным сайце МУС на тэму стаўлення да ЛГБТ-супольнасці. "Дадзенае дзеянне Вікторыі Біран было абумоўлена жаданнем выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адказ на гамафобную заяву Міністэрства ўнутраных спраў і атрымаць водгукі ў сацыяльнай сетцы Facebook, дзе на персанальнай старонцы актывісткі і былі размешчаны фотаздымкі на фоне будынкаў Дома ўрада і МУС", — адзначаецца ў звароце.

Аднак у абодвух выпадках беларускія суды кваліфікавалі фатаграфаванне з плакатам як адзіночны пікет. "У парушэнне часткі 3 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах суды Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў горада Мінска, якія пераследавалі Вікторыю Біран, не абгрунтавалі неабходных і дапушчальных абмежаванняў вольнага выказвання меркавання. Суддзямі, якія разглядалі адміністрацыйныя справы, не ўстаноўлена, якім чынам фатаграфаванне з плакатам "Самі вы падробка" на фоне будынкаў Дома ўрада і Міністэрства ўнутраных спраў несла пагрозу дзяржаўнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маральнасці насельніцтва", — адзначаюць праваабаронцы.

Як паведамлялася, 16 ліпеня справа Біран разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала ЛГБТ-актывістку вінаватай у парушэнні правядзення масавага мерапрыемства за фатаграфаванне з плакатам каля будынка МУС і аштрафавала яе на 15 базавых велічынь. Аналагічнае рашэнне, але ўжо за фота каля Дома ўрада, 23 ліпеня вынес суд Маскоўскага раёна ў асобе суддзі Таццяны Мотыль. Біран абскардзіла рашэнні абодвух судоў. Cуд Ленінскага раёна спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Біран за аналагічнае фота каля будынка КДБ у сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці.

Гаворка ідзе пра падзеі 24 мая, калі актывістка сфатаграфавалася з плакатам "Самі вы падробка" на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дома ўрада. Такім чынам актывістка выказала сваю нязгоду з паведамленнем, апублікаваным на афіцыйным сайце МУС пад загалоўкам: "Мы за сапраўднае. Яны не пройдуць". Праваахоўны дзяржаўны орган дапусціў непрыязныя выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў, а таксама негатыўны каментарый на адрас пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску, якое 17 мая, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, вывесіла над сваім уваходам вясёлкавы сцяг.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239