Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967730_967731/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:41
07.08.2018 12:15 Грамадства

Вобыск у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН

Мінск, 7 жніўня. Больш за тры гадзіны доўжыцца вобыск у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, які ажыццяўляюць супрацоўнікі Следчага камітэта Беларусі.
Атрымаць больш дакладную інфармацыю зараз немагчыма, бо ў рэдакцыю нікога з работнікаў БелаПАН не пускаюць. Пры гэтым у самім офісе знаходзяцца трое супрацоўнікаў кампаніі, але сувязі з імі няма.

Вядома, што паралельна з вобыскам у офісе БелаПАН праводзіўся вобыск на дачы ў яе міжнароднага аглядальніка Таццяны Каравянковай, якая, зыходзячы з паведамлення Следчага камітэта, падазраецца ў "несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі".

Згодна з апошнімі звесткамі, цяпер Таццяну Каравянкову вязуць на допыт у цэнтральнае ўпраўленне Следчага камітэта.

Галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына лічыць падазрэнні, выстаўленыя на адрас Таццяны Каравянковай, беспадстаўнымі і абсурднымі, бо інфармацыя агенцтва БелТА, якую БелаПАН выкарыстоўваў у сваіх навінах, бралася з адкрытых крыніц, размяшчалася ў адкрытым доступе ў стужцы навін і заўсёды — з гіперспасылкай на сайт БелТА.

Ірына Леўшына лічыць, што ўлады выкарыстоўваюць агенцтва БелТА для таго, каб перашкодзіць працы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва.

Зараз стужка навін БелаПАН абнаўляецца нерэгулярна з-за аб`ектыўных прычын, аднак найбліжэйшым часам рэдакцыя паспрабуе наладзіць нармальную працу агенцтва.

Вядома, што ўжо некалькі гадзін вобыск таксама праходзіць у офісе найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by, некаторыя яго супрацоўнікі, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава, затрыманыя.

Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў".

Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239