Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967747_445566/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:33
07.08.2018 14:14 Грамадства, Палітыка

Алесь Бяляцкі: Вобыскі ў рэдакцыях tut.by і БелаПАН — гэта мэтанакіраваная палітыка абмежавання інфармацыйнага поля ў Беларусі

Мінск, 7 жніўня. Кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі пракаментаваў сённяшнія вобыскі ў офісе інтэрнэт-партала tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Вобыскі ў абедзвюх рэдакцыя доўжацца ўжо больш як пяць гадзін.

"Гэта мэтанакіраваная палітыка абмежавання інфармацыйнага поля ў Беларусі, з тым каб трымаць беларускіх грамадзян у атмасферы страху, няпэўнасці і дэзынфармацыі", — адзначыў праваабаронца ў каментары інтэрнэт-рэсурсу palitviazni.info.

"Усе гэтыя факты сведчаць аб адным: ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы, — сказаў Бяляцкі. — Такое ў краіне адбываецца то больш востра, то менш востра, але ад гэтага ўлады не адступалі ніколі. Гэты працэс ідзе фактычна ўсе апошнія 25 гадоў. Мы добра памятаем, як прэсавалі журналістаў і ў 1990-х, і ў пачатку 2000-х. Незалежным СМІ рэгулярна ўстаўлялі палкі ў колы".

На думку праваабаронцы, праз крымінальны пераслед улады спрабуюць абмяжоўваць права беларусаў на свабоду атрымання інфармацыі.

"Былі праблемы ў незалежных СМІ з падпіскай, распаўсюджваннем выданняў праз кіёскі "Белсаюздрука", — працягнуў Бяляцкі. — Гэта такая мэтанакіраваная палітыка абмежавання інфармацыйнага поля ў Беларусі".

Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў".

Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.

Іншых каментароў у ведамстве пакуль не даюць. Дзе зараз знаходзяцца затрыманыя журналісты, невядома.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН