Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967752_774411/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:10
07.08.2018 14:30 Грамадства

Галоўны рэдактар газеты "Навука" не пацвердзіў інфармацыю пра вобыск

Мінск, 7 жніўня. У рэдакцыі газеты "Навука" выдавецкага дома "Беларуская навука" карэспандэнту БелаПАН не пацвердзілі інфармацыю аб тым, што ў рэдакцыі 7 жніўня праводзіўся вобыск.

Галоўны рэдактар Сяргей Дубовік сказаў па тэлефоне: "Я жывы, на волі". На пытанне, ці праўда, што ў офісе рэдакцыі праходзіць вобыск, ён адказаў: "Без каментароў".

Між тым у галоўнай рэдакцыі кніжных выданняў і навуковых часопісаў НАН Беларусі паведамілі, што ў газеце "Навука" вобыск сапраўды быў, астатнія выданні "Беларускай навукі" працуюць у штатным рэжыме.

Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў".

Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН