Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967758_887744/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:08
07.08.2018 15:08 Грамадства

Кіраўнік БАЖ Бастунец: Журналіста БелаПАН Таццяну Каравянкову і яе калег з партала tut.by затрымалі на 72 гадзіны

Мінск, 7 жніўня. Карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Таццяну Каравянкову затрымалі на 72 гадзіны, паведаміў кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Паводле яго інфармацыі, на такі ж тэрмін затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by — галоўны рэдактар Марына Золатава, рэдактары Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ульяна Бабаед.

Вобыскі ў офісе інтэрнэт-партала tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН доўжацца ўжо больш як шэсць гадзін.

Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў".

Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.

Іншых каментароў у ведамстве пакуль не даюць.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН